Апытаньні на выбарах ў парлямэнт Ірляндыі паказваюць гістарычна высокую падтрымку левых нацыяналістаў

Кіраўніца партыі Sinn Fein Мэры Лу Макдональд

У Ірляндыі пачаўся падлік галасоў на выбарах ў парлямэнт. Як паведамляе агенцтва Reuters, апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў паказваюць надзвычай высокі ўзровень падтрымкі левай нацыяналістычнай партыі Sinn Fein, якая доўгія гады лічылася палітычным крылом Ірляндзкай рэспубліканскай арміі.

Паводле апытаньняў, Sinn Fein атрымлівае прыблізна 22% галасоў, гэтак жа як дзьве правацэнтрысцкія партыі — Fine Gael і Fianna Fail, якія шмат гадоў дамінавалі ў ірляндзкай палітыцы. Аднак Sinn Fein наўрад ці атрымае столькі ж дэпутацкіх месцаў, бо партыя выставіла пераважна па адным кандыдаце, нават у тых акругах, дзе змаганьне ідзе за некалькі месцаў у парлямэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяз роднай мовы ў Ірляндыі палітычнай кар’еры ня зробіш». Праўда і міты пра адраджэньне ірляндзкай мовы

Лідэрам Sinn Fein доўгія гады быў Джэры Адамс, якога называлі публічнай фігурай Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, што доўгія гады вяла вайну супраць брытанскага кіраваньня Паўночнай Ірляндыяй. Да падпісаньня ў 1998 годзе мірнай дамовы ў гэтым канфлікце загінулі каля 3,600 чалавек.

Першапачатковы падлік галасоў паказвае, што цяперашняя кіраўніца Sinn Fein Мэры Лу Макдональд у сваёй акрузе мае ўдвая больш галасоў, чым дастаткова для яе абраньня ў парлямэнт. Макдональд узначаліла партыю ў 2018 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які д’ябал хаваецца ў дэталях Brexit? Тлумачаць брытанскія беларусы