У 2019 годзе каля 400 чыноўнікаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці «за цяганіну» пры разглядзе «канкрэтных зваротаў грамадзян». Пра гэта сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ігар Сергеенка ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».
Паводле Сергеенкі, за год у Адміністрацыю прэзыдэнта зьвяртаецца 25-30 тысяч грамадзян. Адміністрацыя паабяцала, што яе супрацоўнікі правядуць сёлета прыёмы грамадзян ва ўсіх 118 раёнах Беларусі і гарадах абласнога падпадкаваньня.
Сергеенка сказаў, што ў кадравым рэестры Аляксандра Лукашэнкі налічваецца 836 пасадаў. Зь іх летась прызначылі 175 чалавек і, як паабяцаў чыноўнік, «курс на далейшае абнаўленьне і амаладжэньне будзе працягвацца», прычым пры новых прызначэньнях вялікую ўвагу будуць удзяляць «чысьціні кадраў».