Румас: IT-сфэра — нацыянальны прыярытэт разьвіцьця Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

IT-сфэра — нацыянальны прыярытэт разьвіцьця Беларусі, сказаў прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас 31 студзеня на форуме «Лічбавая будучыня глябальнай эканомікі» ў Алматы.

«Ставячы перад сабой амбіцыйную мэту па стварэньні IT-краіны, мы прынялі выклік па перабудоўваньні эканомікі, пераводзе яе на лічбавыя рэйкі. Вызначыўшы IT-сфэру нацыянальным прыярытэтам разьвіцьця, дзяржава сфармавала неабходныя стартавыя ўмовы», — сказаў Румас.

Экспарт ІТ-сэктару летась склаў 2 мільярды даляраў. Гэта самы хуткарослы сэктар беларускай эканомікі, тры гады экспарт не перавышаў і чвэрці вынікаў мінулага году.

Сяргей Румас, студзень 2019

Паводле Румаса ў Беларусі стварылі:

  • адпаведную сусьветным стандартам інфраструктуру перадачы, захоўваньня і апрацоўкі дадзеных;
  • мэханізмы ідэнтыфікацыі і сучасныя сродкі абароны інфармацыі.

Румас адзначыў, што ў Беларусі ўкараніўся электронны дакумэнтазварот. Кіраўнік ураду зьвярнуў увагу на працу Парку высокіх тэхналёгій, але адзначыў, што беларускі досьвед нельга параўноўваць з посьпехамі сусьветных лідэраў.

«Адзін з найважнейшых праектаў, над якім сёньня працуем — стварэньне нацыянальнай інтэграцыйнай даведачна-разьліковай сыстэмы. Гэта ключавы этап лічбавай трансфармацыі, які дазволіць нам пачаць выдачу біямэтрычных пашпартоў і забясьпечыць свабодны доступ да паслуг электроннага ўрада ў рэжыме 24/7», — сказаў Румас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пабудаваць ІТ-краіну ІТ-зайцоў». Што ня так з адукацыйнымі прапановамі Пракапені