У выніку землятрусу ў Турэччыне загінуў 31 чалавек, 1547 пацярпелі

Ратавальнікі эвакуююць раненую жанчыну пасьля землятрусу

Улады Турэччыны афіцыйна пацьвердзілі гібель 31 чалавека, жыцьці якіх забраў моцны землятрус.

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня па прадухіленьні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацый, ратавальнікам удалося дастаць з-пад завалаў жывымі 45 чалавек.

Паведамляецца, што цалкам разбурана 76 будынкаў, 643 сур'ёзна пашкоджаныя. Па мэдыцынскую дапамогу агулам зьвярнуліся 1547 чалавек, піша партал aa.com.tr.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне адбыўся землятрус. Дзясяткі загінулых, больш за тысячу пацярпелых

Аляксандр Лукашэнка ў тэлеграме турэцкаму прэзыдэнту выказаў спачуваньне, адзначыўшы, што ў Беларусі «з глыбокім болем і смуткам» успрынялі паведамленьне пра землятрус і яго наступствы.

Падземныя штуршкі магнітудай 6,8 былі зафіксаваныя а 20.55 па мясцовым часе ва ўсходняй правінцыі Элязыг. Паведамляецца, што эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся на глыбіні 10 кілямэтраў. Падземныя штуршкі адчуваліся ў многіх суседніх правінцыях краіны, а таксама ў Ізраілі, Іраку, Сырыі.