«Белнафтахім» павышае цэны на аўтамабільнае паліва чацьвёрты раз з пачатку году

Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў пра чацьвёртае ў 2020 годзе падвышэньне цэн на аўтамабільнае паліва.

26 студзеня цэны павялічацца на 1 капейку «ў адпаведнасьці з прынятай канцэрнам цэнавай палітыкай», паведамілі ў прэсавай службе «Белнафтахіму».

Цана бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,68 рубля, АІ-95-К5-Эўра — 1,78 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 2,00 рубля, ДП — 1,78 рубля.

З прычыны росту цаны нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018 і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цэны на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў паднялі цэны на аўтамабільнае паліва. Трэці раз за 2020 год

Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 19 студзеня. Абгрунтоўваючы неабходнасьць такіх мер, «Белнафтахім» адзначаў, што за 2019 год цэны на маторнае паліва ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусьветная каціроўка нафты вырасла на 17%. У студзені 2020 году каціроўкі нафты працягваюць расьці, дасягаючы ў асобныя пэрыяды 68 даляраў за барэль.

Пры ўзроўні сусьветных цэн, які склаўся, «толькі ў выніку нэгатыўнага ўплыву падатковага манэўру» ў Расеі цана нафты для беларускіх НПЗ адносна папярэдняга году вырасьце больш чым на 20 даляраў за тону, што складае 5% да ўзроўню цаны 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нафты для беларускіх НПЗ за год вырасла на 34%, — «Белнафтахім»

«Для захаваньня аптымальнага балянсу суадносін цана-якасьць на прадукцыю беларускай нафтаперапрацоўкі і абароны інтарэсаў аўтаўладальнікаў падвышэньне цэн на аўтамабільнае паліва робіцца паэтапна. Абраная стратэгія дазваляе зьмякчыць уплыў зьмены цэн на нафтапрадукты на эканоміку ў цэлым і на кожнага спажыўца ў прыватнасьці», — заяўляюць ў канцэрне.