Народны суд гораду Цяньцзіня на поўначы КНР 21 студзеня прысудзіў 13,5 года пазбаўленьня волі экс-кіраўніка Інтэрполу, былому намесьніку міністра грамадзкай бясьпекі Кітая Мэн Хунвэю.
Пра прысуд паведаміла Цэнтральная тэлевізія Кітая. Паводле яго, падсудны ня выказаў жаданьня абскардзіць вэрдыкт і не падаў апэляцыі.
Хунвэй зьнік у канцы верасьня 2018 году, калі паляцеў у КНР і перастаў выходзіць на сувязь. Празь некаторы час улады Кітая пацьвердзілі арышт прэзыдэнта Інтэрполу і абвінавацілі яго ў атрыманьні хабару ў часы, калі ён быў намесьнікам міністра грамадзкай бясьпекі ў Кітаі. Сярод іншых абвінавачаньняў, якія яму выставілі, «палітычная неляяльнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жонка былога прэзыдэнта Інтэрполу атрымала прытулак у Францыі«Ён сам наклікаў на сябе непрыемнасьці», – было сказана ў заяве кітайскіх уладаў.
Мэн Хунвэй да свайго прызначэньня ў Інтэрпол узначальваў ведамствы барацьбы з тэрарызмам, дзяржаўны наркакантроль, а таксама берагавую ахову. Калі ён узначаліў Інтэрпол, праваабаронцы і антыкарупцыйныя актывісты выступалі супраць: яны заяўлялі, што кітайскія спэцслужбы могуць скарыстацца становішчам Хунвэя для перасьледу ўласных дысыдэнтаў за мяжой.
Інтэрпол пасьля арышту Хунвэя адхіліў яго ад пасады прэзыдэнта арганізацыі.