Брытанскія спэцслужбы назвалі імя новага лідэра «Ісламскай дзяржавы»

Ілюстрацыйнае фота. Чалец «Ісламскай дзяржавы» трымае сьцяг групоўкі

Новы лідэр «Ісламскай дзяржавы» — адзін зь нямногіх яе заснавальнікаў неарабскага паходжаньня.

Новым лідэрам тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» стаў Амір Махамэд Абдул аль-Маўлі аль-Сальбі. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў спэцслужбах паведамляе брытанская газэта The Guardian.

Выданьне называе яго адным з заснавальнікаў і ідэолягаў «Ісламскай дзяржавы». Аль-Маўлі ўзначаліў тэрарыстычную групоўку празь некалькі гадзінаў пасьля сьмерці былога лідэра Абу Бакра аль-Багдадзі, якога забілі ў канцы кастрычніка 2019 году ў ходзе спэцапэрацыі ЗША ў сырыйскай правінцыі Ідліб.

За інфармацыю, якая дазволіць злавіць аль-Маўлі або іншых высокапастаўленых чальцоў «Ісламскай дзяржавы», улады ЗША аб’явілі ўзнагароду ў 5 мільёнаў даляраў.

Амір Махамэд Абдул аль-Маўлі аль-Сальбі — выхадзец з туркмэнскай сямʼі, які жыў у Іраку, ён адзін зь нямногіх лідараў «Ісламскай дзяржавы» неарабскага паходжаньня, піша The Guardian. У 2004 годзе ён быў затрыманы амэрыканскімі войскамі і зьмешчаны ў турму на поўдні Іраку, дзе сустрэўся з Аль-Багдадзі.

Спэцслужбы ня ведаюць дакладна, дзе цяпер знаходзіцца новы лідэр «Ісламскай дзяржавы». Як мяркуецца, ён хаваецца ў Іраку — у адным зь невялікіх гарадоў на захад ад Мосула.