У Емэне пры ракетным абстрэле вайсковага лягеру загінулі больш за 100 чалавек

Ня менш за 100 чалавек, вайскоўцаў і цывільных, загінулі ў выніку ракетнага абстрэлу вайсковага навучальнага лягеру ў правінцыі Марыб у Емэне, паведамляе AFP, спасылаючыся на афіцыйныя крыніцы.

Паводле крыніцаў, што атаку правялі паўстанцы-хусіты, якіх абвінавачваюць у сувязях з Іранам. Атака з ужываньнем балістычных ракет і бесьпілётнікаў пачалася ў той момант, калі салдаты маліліся.

Грамадзянская вайна ў Емэне паміж урадам і паўстанцамі-хусітамі працягваецца са жніўня 2014 году, у выніку яе загінулі дзясяткі тысяч людзей, тры мільёны сталі змушанымі перасяленцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 канфліктаў, за якімі трэба сачыць у 2020 годзе

Ваенная канфрантацыя ўзмацнілася пасьля ўварваньня ў краіну ў сакавіку 2015 году сілаў кааліцыі, якую ўзначальвае Саудаўская Арабія, якая выступіла на баку войскаў прэзыдэнта рэспублікі Абд Рабу Мансура Хадзі.

Сталіца Емэну Сана цяпер знаходзіцца пад кантролем хусітаў.

У канцы сьнежня 2019 году ў Емэне на вайсковым парадзе ў выніку ракетнага абстрэлу загінулі дзевяць чалавек, яшчэ 30 чалавек атрымалі раненьні, тады таксама паведамлялася, што да інцыдэнту датычныя прыхільнікі мяцежнага руху «Ансар Алах» (хусіты).