Прэм’ер-міністар Мальты пайшоў у адстаўку ў сувязі з забойствам журналісткі

Прэм’ер-міністар Мальты Джозэф Мускат афіцыйна сышоў у адстаўку — на фоне скандалу вакол забойства журналісткі Дафнэ Каруаны Галіцыі. Яна займалася расьсьледаваньнямі карупцыі і загінула ў 2017 годзе — машыну журналісткі ўзарвалі, калі яна была за рулём.

Па справе аб забойстве ўжо арыштаваныя трое выканаўцаў. У канцы мінулага году па падазрэньні ў дачыненьні да злачынства таксама быў арыштаваны вядомы мальтыйскі бізнэсовец Ёрген Фэнэк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Мальце затрымалі 4 падазраваных у дачыненьні да забойства журналісткі, якая займалася «Панамскім архівам»

Прэм’ер-міністар Джозэф Мускат яшчэ месяц таму заявіў, што ў студзені пакіне свой пост. Перад тым у краіне прайшлі пратэсты з патрабаваньнем ягонай адстаўкі. Актывісты былі незадаволеныя тым, што Мускат кантраляваў расьсьледаваньне забойства, хоць ягонае імя згадвалася ў публікацыях журналісткі.

Новым кіраўніком ураду кіруючая партыя выбрала Робэрта Абэла, сына іншага былога прэм’ера Мальты Джорджа Абэла, які займаў гэтую пасаду з 2009 па 2014 год.