Зь вілы Гульнары Карымавай у Жэнэве хочуць вярнуць ва Ўзбэкістан дзясяткі твораў мастацтва

Гюльнара Карымава. Архіўнае фота.

Генэральная пракуратура Ўзбэкістану 11 студзеня паведаміла, што профільныя ведамствы краіны сумесна з кампэтэнтнымі органамі Швайцарыі, Францыі, Расеі, Латвіі і іншых краінаў праводзяць работу па вяртаньні актываў дачкі памерлага прэзыдэнта Узбэкістану Гульнара Карымавай.

«Сумесна з фэдэральнай пракуратурай Швайцарыі, з прыцягненьнем экспэртаў з Узбэкістану праводзіцца работа па вызначэньні прыналежнасьці да нацыянальнага здабытку і наступнага вяртаньня 70 прадметаў мастацтва (карціны, прадметы мастацтва і архітэктуры), якія былі выяўленыя ў ходзе ператрусу і арыштаваныя на віле Карымавай у горадзе Жэнэва», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць зьняволенай дачкі ўзбэцкага экс-прэзыдэнта пачалі новую справу

Раней паведамлялася, што ў дамах Карымавай ва Ўзбэкістане знайшлі 985 прадметаў мастацтва, якія былі прызнаныя культурнымі і мастацкімі каштоўнасьцямі. Агульны кошт знаходак складае каля 1,3 мільярда даляраў. Усе творы мастацтва былі перададзеныя ва ўласнасьць дзяржавы.

На гэтым тыдні ва Ўзбэкістане пачаліся судовыя слуханьні па крымінальнай справе ў дачыненьні да Гюльнары Карымавай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці дыктатараў. Жыцьцёвы шлях Гюльнары Карымавай: ад прынцэсы да зьняволенай

Карымаву і яшчэ некалькіх чалавек абвінавачваюць у вымагальніцтве, крадзяжы бюджэтных сродкаў і легалізацыі даходаў у замежных краінах у складзе злачыннай супольнасьці.

У жніўня 2015 году суд у Ташкенце прызнаў Карымаву вінаватай ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, крадзяжы і вымагальніцтве і прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на пяць гадоў. Пазьней супраць Карымавай распачалі яшчэ адну крымінальную справу па абвінавачваньні ў карупцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які лёс чакае дзяцей Лукашэнкі і Карымава? Тэкст і відэа

У сьнежні 2017 году, пасьля сьмерці бацькі, Карымава была асуджана на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Генпракуратура Ўзбэкістану ацаніла агульную суму нанесенай шкоды па двух крымінальных справах амаль у два мільярда даляраў. Да сакавіка 2019 Карымава знаходзілася пад хатнім арыштам. Аднак з прычыны неаднаразовых парушэньняў умоваў арышту суд вырашыў перавесьці Карымаву ў калёнію агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё пасьля сьмерці Карымава. Што зьмянілася ва Ўзбэкістане за гэты год

У жніўні 2019 супраць яе завялі новую крымінальную справу аб дачыненьні да крадзяжу дзяржаўных сродкаў і заключэньні ўгодаў насуперак інтарэсам Узбэкістану, ацаніўшы суму шкоды ў 175 000 000 даляраў.

Улады ЗША абвінавачваюць Гульнара Карымаву ў хабарніцтве і адмываньні грошай на суму 865 000 000 даляраў. Яе імя ўнесена ў сьпіс санкцый Міністэрства фінансаў ЗША. Ведамства лічыць, што дачка нябожчыка прэзыдэнта ўзначальвала ва Ўзбэкістане «магутны сындыкат арганізаванай злачыннасьці»