«Крута гучыць!» Пачытайце, на што не шкада часу беларускаму студэнту з Гарварду

Максім Багдановіч

Хлопцы ствараюць мабільную аплікацыю MOVA — слоўнік сучаснай і «слэнгавай» беларускай мовы. Ім можна дапамагчы.

Увечары 7 студзеня ў сацыяльных сетках зьявіўся заклік: студэнты Гарвардзкага і Ейльскага ўнівэрсытэтаў распрацоўваюць мабільную аплікацыю — слоўнік сучаснай і «слэнгавай» беларускай мовы. Аўтар ідэі — студэнт другога курса Гарвардзкага ўнівэрсытэту Максім Багдановіч. Спыталі ў Максіма, навошта такая аплікацыя і чым яна адрозьніваецца ад звычайных слоўнікаў.

«Так, гэта сапраўднае імя, — сьмяецца Максім Багдановіч у адказ на пытаньне пра псэўданім. — І я б нават пакрыўдзіўся зараз на бацькоў, калі б яны назвалі інакш!»

Максім Багдановіч

«Гэта праграма для такіх момантаў, калі вы думаеце: „Крута гучыць!“»

Мабільная аплікацыя «MOVA» — слоўнік накшталт ангельскага Urban Dictionary (нефармальны онлайн-слоўнік ангельскага слэнгу. — РС) — мае быць арганізаваная падобна да Вікіпэдыі. Кожны можа дадаць сваё слова, яго апісаньне, прыклад ужываньня і крыніцу. Мадэратары — самі ўдзельнікі: чым больш словаў і камэнтароў пакідаеш, тым вышэйшы твой узровень карыстальніка і тым больш правоў.

«Мая асноўная ідэя — зрабіць так, каб людзі, якія размаўляюць па-беларуску, маглі самастойна ўплываць на разьвіцьцё беларускай мовы», — кажа Максім.

Максіма натхніла «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. А дакладней, занатоўка пра «попелку»: галоўнаму герою не падабаецца слова «попельніца», але ён ня можа прыдумаць, як сказаць лепш, і раптам стрыечны брат просіць у героя «попелку». Так зьявілася непрыдуманае слова ў адказ на неагучанае пытаньне. Герой Горвата ўсьцешыўся, а зь ім усьцешыўся і Максім.

«Гэта праграма для такіх момантаў, калі вы думаеце: „Крута гучыць!“» — кажа Багдановіч. — Мы хочам, каб у момант, калі вы так падумалі... Ня ведаю, напрыклад, вы разьбілі машыну дзеда і ён вас так аблаяў, што вы падумалі: «Гэта запісаць трэба». Вось вы ўваходзіце ў аплікацыю, запісваеце, і вам ад гэтага прыемна«.

У аплікацыі будуць і лайкі, і тэгі, і «ачыўкі» (ад англійскага «to achieve» — дасягаць). Словы можна будзе пазначаць тэгамі «палянізм» ці «русізм», каб пазьней правесьці дасьледаваньне крыніцаў пэўных словаў і выразаў. Або напішаш дзесяць словаў пад тэгам «праграмісты» і атрымаеш ачыўку «адарваны ад народу» ці «зажэрся» — гэта ўжо каб павесяліцца. Але мэты ў стваральнікаў усё ж сур’ёзныя: пашырэньне ўжываньня і паскарэньне эвалюцыі мовы.

«Беларуская мова штосьці згубіла, калі мы прынялі слова „цішотка“?»

«Я ня згодны, што слэнг зьнішчае сэнс беларускай мовы, — кажа Максім. — І я супраць палітыкі моўнага пурызму, таму што кожная мова ў сваім разьвіцьці запазычвае аднекуль. Нават тая ж „цішотка“. Я проста ўжываў гэтае слова і думаў, што гэта аўтэнтычнае беларускае слова. Сур’ёзна, я ня ведаў! А насамрэч узялі англійскае слова T-shirt і зрабілі зь яго „цішотку“. Беларуская мова штосьці згубіла, калі мы прынялі гэтае слова, ці не? Мне здаецца, што не».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Размаўляць на роднай мове ў Беларусі — гэта дыскамфорт». Гутарка з зоркай «Інстаграму» Барбарай Гузарэвіч

Але мабільная аплікацыя будзе ня толькі пра новыя ці запазычаныя словы. Стваральнікі хочуць вярнуць аўтэнтычныя беларускія дыялекты ў мэйнстрымнае ўжываньне. І калі хочацца новага слова, не абавязкова ісьці па яго да ангельскай ці расейскай мовы — можна зьвярнуцца, напрыклад, да палешукоў.

Асноўная каманда стваральнікаў — тры хлопцы. Апроч Максіма, гэта Мікіта Шпакаў, студэнт чацьвёртага курсу БДУІР, і Мікіта Клімента, студэнт-архітэктар зь Ейльскага ўнівэрсытэту. Зроблена ўжо каля 40% працы з кодам, але дакладнай даты выхаду аплікацыі яшчэ няма.

«Статыстыка паказвае, што такія праекты на энтузіязьме больш за тры месяцы не жывуць. Адзін месяц ужо прайшоў, засталося яшчэ два», — усьміхаецца Максім.

«Ці патрэбная вам такая праграма?» — спыталі стваральнікі ў сацыяльных сетках два дні таму. Адказалі больш за 200 чалавек, і абсалютная большасьць ідэю ўхваліла.

«Яшчэ быў пункт „Прапановы, ідэі“. І 70 чалавек напісалі! — дзеліцца статыстыкай Максім. — Гэта кожны трэці патраціў свой час, каб сесьці і сказаць: „Крута, я хачу дапамагчы“. Былі такія адказы: „Кірую па Эўразьвязе, але калі спатрэбіцца дапамога, заўжды рады!“, „А-а-а! Гэта нерэальна крута! Жадаю павалянтэрыць“, „Я не праграмістка, але магу дапамагчы зь перакладам альбо стварэньнем кантэнту“, „Не праграміст, але нарадзіўся і вырас у Беларусі. Жыцьцёвы вопыт 49 год“».

«І вось вы седзіце, шаснаццацігадовы хлопец, і разважаеце, што на вас больш за ўсё паўплывала ў жыцьці»

Такую статыстыку можна выкарыстоўваць ня толькі каб падтрымліваць уласны імпэт, але і каб шукаць праектнае фінансаваньне. Цяпер хлопцы могуць абапірацца і на дадзеныя ўласнай апытанкі, а дагэтуль — на дасьледаваньне Курта Вулгайзэра пра сучасных беларускамоўных людзей. Яно пацьвердзіла: партрэт сучаснага беларускамоўнага — урбанізаваны, добра адукаваны чалавек зь сярэдняй ці вышэйшай клясы, які нарадзіўся ў сям’і расейскамоўных. Гэта і ёсьць асноўная мэтавая аўдыторыя аплікацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускамоўны праграміст распавёў, як яго сайт спрычыніўся да «вышыванкавай рэвалюцыі»

«Самае цікавае, што хтосьці (Курт Вулгайзэр у сваім дасьледаваньні. — РС) фармалізаваў маё адчуваньне, што партрэт сярэдняга беларускамоўнага чалавека зьмяніўся, і вельмі моцна, — разважае Багдановіч. — Калі 60 год таму вы ўяўлялі чалавека, які размаўляе па-беларуску, гэта быў бы калгасьнік, які размаўляе так, як навучылі. А цяпер гэта ўяўны праграміст у Wargaming, які мае грошы, час, сябруе з тэхналёгіямі і якому проста цікава. І я не апісаў нейкага рандомнага чалавека, гэта літаральна адзін з маіх лепшых сяброў».

Сам Максім спачатку размаўляў па-расейску, але вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі. Дадаткова пераасэнсаваць сваё стаўленьне да беларускай мовы дапамагло паступленьне ў Гарвард. Шаснаццацігадоваму хлопцу трэба было напісаць тузін арыгінальных эсэ на тэмы накшталт «Як вы сябе ўсьведамляеце?» або «Што на вас больш за ўсё паўплывала ў жыцьці?».

Максім жартуе, што пакуль іх пісаў, пасталеў на некалькі год, бо такога паглыбленьня ў сябе ў яго яшчэ ніколі не было. Менавіта тады хлопец пачаў разважаць пра ідэнтычнасьць, пра тое, дзе нарадзіўся, пра сваю супольнасьць і пра Беларусь агулам.

Ідэя паступаць у Гарвард пайшла ад стрыечнага брата: маўляў, колькі можна хваліцца сваімі выдатнымі адзнакамі і перамогамі на спартовых спаборніцтвах, паспрабуй зрабіць штосьці круцейшае. Ідэя аказалася цалкам рэалістычнаю.

Акрамя эсэ, трэба было здаць агульны іспыт SAT і некалькі профільных (Максім здаваў хімію, біялёгію і матэматыку). Самае цяжкае — гэта ангельская мова, але і яе можна падцягнуць на адмысловых онлайн-курсах у Khan Academy. Самі іспыты можна здаць у Менску, абыдзецца гэта максымум у 1000 даляраў. Але і гэтыя выдаткі можна кампэнсаваць пры дапамозе праграмы Opportunity Education USA. Максім паступіў бясплатна і бясплатна вучыцца на прыкладной матэматыцы і эканоміцы — ягоная стыпэндыя пакрывае ўсе выдаткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывучаў ангельскую зь відосаў у інтэрнэце і паступіў у Гарвард»

Рыхтуючыся да паступленьня, Максім Багдановіч шмат разважаў і пра тое, што хоча зрабіць. І прыйшоў да высновы: дапамагаць людзям. «MOVA» — таксама прадукт такога памкненьня.

«Кожны раз, калі я адчуваю: „Блін, якое крутое слова, хачу падзяліцца“, — кажа Максім, — я думаю: калі гэта адчуюць яшчэ тысяча, дзьве, дзесяць тысяч чалавек — гэта будзе проста выдатнае адчуваньне для мяне. Такая мая асабістая матывацыя».