Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне за несанкцыянаваны распаўсюд замежных тэлепраграм

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджаньне ТАА «Мэдыятэк» у сувязі з распаўсюджваньнем з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу tvbox. by замежных тэлепраграм, дазвол на распаўсюд якіх на тэрыторыі Беларусі не выдаваўся, паведамляе БелаПан.

У паведамленьні ведамства адзначаецца, што ў адпаведнасьці з законам аб СМІ «распаўсюд прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без зьмены формы або зьместу без наяўнасьці дазволу на распаўсюд прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без зьмены формы або зьместу забараняецца».

На сваім сайце tvbox.by (онлайн-тэлебачаньне) кампанія паведаміла, што па выніках праверкі было выдадзена прадпісаньне да 31 сьнежня 2019 года «прыбраць» з сайта 35 каналаў, сярод якіх RTL, CNN International, BBC World News, Disney, FashionTV Network і мноства спартыўных. У сувязі з гэтым 1 студзеня кампанія пачала працаваць у новым фармаце.