На месцы падмуркаў дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы працуюць экскаватары. ФОТА

Вядучы навуковы супрацоўнік Музэя Янкі Купалы Янкі Купалы, Павал Каралёў сьцьвярджае, што ў парку Янкі Купалы, дзе пракладваюць камунікацыі, вызначылі месца знаходжаньня дамоў заснавальнікаў БНР Антона і Івана Луцкевічаў. Але цяпер акурат на тым месцы працуе будаўнічая тэхніка — пракладаюць траншэі і робяць новыя дарожкі.

Дамы братоў Луцкевічаў ацалелі пасьля першай бамбёжкі Менску

Парк Янкі Купалы быў закладзены ў 1949 годзе. Да вайны тут быў зацішны квартал Менску, некалькі вуліц (Садовая, Садовая набярэжная, Хрышчэнская), забудаваных адна- і двухпавярховымі дамамі. Месьціўся тут і дом Янкі Купалы, дзе паэт жыў з 1927 да 1941 году. Тут стаялі і дамы дзеячаў беларускага нацыянальнага руху Івана і Антона Луцкевічаў.

Гэтыя два дамы былі пабудаваныя прыканцы XIX стагодзьдзя. У 1920-я гады іх нацыяналізавалі бальшавікі. Ацалелі дамы і падчас бамбёжкі на пяты дзень вайны, пры канцы чэрвеня 1941 году, — праўда, былі крыху пашкоджаныя агнём. Аднак пасьля вайны будынкі зруйнавалі.

Фота дамоў захавалася ў кнізе Юлі Андрусышын, маці сьпевака Данчыка і ўнучатай пляменьніцы братоў Луцкевічаў «Забыцьцю не адданае».

Дом Луцкевічаў у Менску. Яніна Каханоўская і Эмілія Луцкевіч-Шабуня

Юля Адрусышын публікуе там успаміны сваёй маці Яніны Каханоўскай, якая апісвае, колькі пакояў было, што разьмяшчалася, хто дзе жыў.

«Першы дом быў меншы, але там была ванна з туалетам, гэта азначае, была каналізацыя, другі дом яе ня меў...

У ваенны час, калі навокал усё было разьбіта і спалена бомбамі, віднеўся, як на далоні, Тэатар опэры і балету», — узгадвае Яніна Каханоўская.


Цяпер парк імя Янкі Купалы ўвесь перакапаны — тут будаўнікі пракладваюць траншэі пад кабэль для дадатковага асьвятленьня, а таксама робяць новыя дарожкі. І падабраліся да падмуркаў дамоў Луцкевічаў.

Павал Каралёў: «У мяне няма сумневу, што дарожнікі працуюць менавіта там, дзе стаялі дамы Луцкевічаў»

Павал Каралёў перакананы, што экскаватары, паргузчыкі, грузавікі працуюць менавіта на месцы падмуркаў гэтых дамоў.

«Я ведаў, дзе прыкладна былі дамы, але ніколі ня ставіў за мэту вызначыць дакладнае месца дамоў. Але цяпер ёсьць пагроза падмуркам. Ёсьць пляны з Нацыянальнага гістарычнага архіву канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя, дзе ёсьць трасіроўка вуліцы Садовай, ёсьць пляны, якія мне даслаў Павал Растоўцаў — 1948 году. І ёсьць успаміны Яніны Каханоўскай „Дамы на Садовай“, якія зьмешчаныя ў кнізе Юліі Андрусышын„«Забыцьцю не адданае». Ёсьць фота з арыенцірам — таполяй. Камень, які паставілі год таму — каля таполі. Так што ў мяне няма сумневу, што зараз дарожнікі працуюць менавіта там, дзе стаялі дамы Луцкевічаў», — перакананы Павал Каралёў.

Калі журналісты разам з Паўлам Каралёвым праходзілі побач з падмуркамі лазьняў Плаўскага, Павал па звычцы пачаў разграбаць зямлю і натрапіў на даволі вялікі кавалак белай кафлі, якая добра захавалася.


Крыху раней Павал знайшоў тут некалькі аскепкаў кафлі з кляймом «гончарного завода Аляксандра Полляка» і, падобна, «изразцового завода Будника». Гісторык перакананы, што шмат цікавых артэфактаў можна знайсьці і ў падмурках домоў Луцкевічаў.


Аднак падыйсьці блізка да падмуркаў дамоў Луцкевічаў журналістам не ўдалося: тэрыторыя агароджаная, працуе тэхніка, — знаходзіцца тут небясьпечна, патлумачыў прараб. Давялося назіраць за працай экскаватараў здалёк.

Каралёў апавёў, што ў парку на дарожцы, якая ідзе паралельна вуліцы Янкі Купалы каля трансфарматарнай будкі кожны раз пасьля дажджу стаіць вялікая лужына. І цяпер будаўнікі капаюць траншэю для адводу вады акурат празь меркаваныя падмуркі дамоў Луцкевічаў.

«І прамая пагроза аднаму з дамоў. А на скрыжаваньні былой Садовай з Хрышчэнскай — другі дом, і менавіта там пракладаюць новую паркавую сьцежку», — кажа Павал Каралёў.

Патрэбна музэефікацыя гэтага раёна. Лісты ў Менгарвыканкам і Мінкульт ужо паляцелі

Музэйны супрацоўнік спадар Каралёў лічыць, што перад пракладаньнем камунікацый патрэбна было правесьці раскопкі, каб зразумець, дзе дакладна былі будынкі, а потым павінны прыйсьці праектавальнікі, каб вызначыць, дзе, у адыход падмуркаў будынкаў, пракладаць камунікацыі і сьцежкі.

«Але гэтага не зрабілі. Так, на будаўнічай пляцоўцы ёсьць археалягічны нагляд, археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Але раскопкі, падобна, ніхто праводзіць не зьбіраецца».


Месяц таму археолягі Аляксандар Мядзьведзеў і Сяргей Дзярновіч запэўнівалі Свабоду, што, прынамсі, кабэль пройдзе пад падмуркамі лазьняў Плаўскага, яны ня будуць пашкоджаныя. Аднак археолягі меркавалі, што падмуркі знаходзіцца на глыбіні ня больш за 70 см, як у іншых частках Менску, а аказалася, што яны на глыбіні каля 1,5 мэтра. Падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў, верагодна, знаходзяцца таксама даволі глыбока.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску раскапалі месца, дзе стаялі дом Купалы і славутая лазьня. ФОТА

«У ідэале я за тое, каб правесьці музэефікацыю гэтага раёна. Каб паказаць людзям, што гэта быў жылы раён, які трапіў пад першую бамбёжку Менску. Гэта памяць і пра вайну таксама», — лічыць спадар Каралёў.

З просьбай захаваць падмуркі і правесьці камунікацыі ў абыход іх зьвярнуліся Кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы, Беларуская філія Міжнароднага камітэту аховы помнікаў ІКАМОС, Грамадзкая назіральная камісія па ахове помнікаў пры Мінкульце. Адпаведныя лісты яны адправілі ў Менгарвыканкам, Акадэмію навук і Міністэрства культуры.

Таксама рыхтуецца зварот з просьбай унесьці месца, дзе стаялі дамы Луцкевічаў, у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў (як некалькі зрабілі зь месцам, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт». Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі абурыла зруйнаваньне пахаваньняў у Гальшанах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца