ЗША ўвялі санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека

Ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла эканамічныя санкцыі супраць больш як дзесяці асобаў з шасьці краін, якіх падазраюць у парушэньнях правоў чалавека, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Аб’ява Міністэрства фінансаў ЗША аб увядзеньні санкцый супраць грамадзян Мʼянмы, Пакістану, Лібіі, Славаччыны, Паўднёвага Судану і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга зробленая ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Санкцыі «сфакусаваныя на асобах, якія забівалі або загадвалі забіваць нявінных людзей, што выступалі ў абарону правоў чалавека, у тым ліку журналістаў, дзеячоў апазыцыі і юрыстаў», заявіў намесьнік міністра Джастын Музініч.

Асобы, якія трапілі пад санкцыі, ня змогуць распараджацца ўласнасьцю або долямі ва ўласнасьці, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі ЗША і належаць ім цалкам або часткова.

Акрамя таго, Вашынгтон забараніў уезд у ЗША былому саудаўскаму дыплямату ў Турэччыне Мухамаду аль-Утайбі (у сувязі зь яго меркаваным дачыненьнем да забойства Джамаля Хашогі — саудаўскага журналіста, які жыў у ЗША і пісаў крытычныя артыкулы пра саудаўскую каралеўскую сям’ю) і кіраўніку ўпраўленьня МУС у Грозным Аслану Ірасханаву (які, паводле ЗША, нясе адказнасьць за сьмерць 27 чалавек).

У прыванасьці пад санкцыі трапілі:

  • камандзір узброеных сілаў М’янмы Мін Аўн Хлайн, які дапусьціў сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека ў жніўні 2017 году, калі «прадстаўнікі этнічных меншасьцяў былі забітыя ці параненыя, часта падчас уцёкаў, салдатамі, якія выкарыстоўвалі буйную халодную зброю»,
  • лібійскі камандзір Махмуд аль-Варфалі, які ўзначальвае апалчэньне «Брыгада Ас-Сайка» — за ажыцьцяўленьне або даваньне загаду аб забойстве 43 бяззбройных затрыманых падчас асобных інцыдэнтаў з 2016 году, некаторыя зь якіх былі зьнятыя і апублікаваныя ў сацыяльных сетках.
  • у Славаччыне пад санкцыі трапіў Мар’ян Кочнер за пагрозы ў адрас журналіста Яна Куцяка, які расьсьледаваў карупцыйныя ўгоды Кочнера (мяркуюць, што Кочнер наняў былых супрацоўнікаў славацкай выведкі для сачэньня за Куцякам, які пасьля быў забіты).