Перамовы «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы працягнуцца яшчэ некалькі гадзін. Пра гэта паведаміў журналістам каля Елісейскага палацу намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка.
Дэлегацыі Ўкраіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны абмяркоўваюць спыненьне агню на Данбасе, абмен палоннымі, кантроль над мяжой і правядзеньне мясцовых выбараў.
Чатырохбаковая сустрэча пачалася на паўтары гадзіны пазьней за заплянаваны час. Чакаецца, што пасьля яе яшчэ адбудуцца двухбаковыя перамовы паміж прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны.
Жывая трансьляцыя ўкраінскай службы Радыё Свабода
Жывая трансьляцыя тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время».
На перамовах Кіеў будзе патрабаваць ад Расеі канчатковага абмену зьняволенымі ў фармаце «усіх на ўсіх», у тым ліку — украінцаў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Данбаса, непадкантрольнай Украіне.
Прэзыдэнт Зяленскі таксама заявіў, што будзе патрабаваць абсалютнага спыненьня агню на Данбасе і кантролю над усёй мяжой паміж Украінай і Расеяй. Зараз Кіеў не кантралюе каля 400 кілямэтраў мяжы на ўсходзе краіны.
Крыніцы ў Крамлі раніцай 9 сьнежня паведамілі, што Расея мае намер заняць «жорсткую пазыцыю» на перамовах. Расея, як мяркуецца, будзе патрабаваць ад Украіны правядзеньня выбараў на непадкантрольных тэрыторыях і асаблівага статусу для тэрыторый Данбаса.
Раней прэзыдэнт Зяленскі заяўляў, што ня дасьць аўтаноміі сэпаратысцкім рэгіёнам на ўсходзе Ўкраіны.