Генпракурор: Расейскія прадпрыемствы завінаваціліся беларускім звыш 2 мільярдаў даляраў

Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак на 1 кастрычніка 2019 году, запазычанасьць расейскіх контрагентаў перад беларускімі суб’ектамі гаспадараньня склала 2 мільярды 115,7 мільёна даляраў.

Такія лічбы былі агучаныя 9 сьнежня ў амбасадзе Беларусі ў Расеі падчас сумеснай нарады Генпракуратуры з кіраўнікамі беларускіх субʼектаў тавараправоднай сеткі ў Расеі. Нарада прысьвечаная пытаньням недапушчэньня і ліквідацыі пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, паведамляе БелТА.

Пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасьць расейскага боку склала 147,6 мільёнаў даляраў (за студзень–верасень 2019 году яна зьнізілася на 1,1%). Найбольш сурʼёзная запазычанасьць застаецца перад прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасьці Беларусі і канцэрну «Белнафтахім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вінная беларускім прадпрыемствам 2 мільярды даляраў. Гэта многа ці мала? 

Генпракуратура Беларусі займаецца пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьцю на працягу 5 гадоў. За гэты час было больш за 400 пазоваў на суму звыш 130 мільёнаў даляраў, удалося вярнуць болей 100 мільёнаў даляраў, паведаміў генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк. Заведзена звыш 100 крымінальных спраў — большая частка ў дачыненьні да беларускіх прадстаўнікоў тавараправодных сетак.

Сумесна з амбасадай Беларусі ў Расеі Генпракуратура стварыла адмысловую базу, з дапамогай якой беларускія прадпрыемствы могуць праверыць надзейнасьць патэнцыйных расейскіх партнэраў.

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка расказаў, што ў час ягоных паездак па расейскіх рэгіёнах вырашаюцца пытаньні, у тым ліку зьвязаныя зь вяртаньнем дэбіторскай запазычанасьці. Пры неабходнасьці амбасада зьвяртаецца ў МУС Расеі, расейскую Генпракуратуру. «Задзейнічаем усе магчымыя рычагі, каб гэтая дэбіторская запазычанасьць памяншалася», — падкрэсьліў Сямашка.