Актору Керку Дугласу, нашчадку эмігрантаў зь Беларусі, споўнілася 103 гады

Керк Дуглас, фота 1970 году

Амэрыканскаму актору Керку Дугласу сёньня споўнілася 103 гады. Ён зьняўся ў блізка сотні галівудзкіх фільмаў і належыць да найбольш вядомых амэрыканскіх кінаактораў гэтак званай «залатой эры» Галівуду (1910–1960).

Керк Дуглас быў тройчы намінаваны на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі «Оскар» ў катэгорыі «найлепшы актор» (1949, 1952, 1956), але гэты прыз атрымаў толькі ў 1996-м, на 50-годзьдзе сваёй акторскай кар’еры, за дасягненьні ўсяго жыцьця.

Керк Дуглас нарадзіўся 9 сьнежня 1916 году ў горадзе Амстэрдам, штат Нью-Ёрк, як Ісэр Даніловіч у габрэйскай сям’і Гершэля і Брыны Даніловічаў, якія ў 1910 годзе выехалі з Чавусаў, Магілёўская губэрня, у ЗША. У ЗША бацькі Керка зьмянілі сямейнае прозьвішча на Дэмскі і Керк зваўся Ізі Дэмскі (Izzy/Isador Demski) да паступленьня на службу ў армію ў 1941 годзе, калі юрыдычна аформіў сабе імя Керк Дуглас (Kirk Douglas).

Да найбольш вядомых фільмаў, у якіх зьняўся Керк Дуглас, належаць «Чэмпіён» (Champion, 1949), «Злыя і прыгожыя» (The Bad and the Beautiful, 1952), «Прага жыцьця» (Lust for Life, 1956), «Спартак» (Spartacus, 1960).

Вядомы галівудзкі актор Майкл Дуглас, уладальнік двух «Оскараў» — сын Керка Дугласа.