Вугорскае агенцтва ў пытаньнях канкурэнцыі аштрафавала Facebook на 4 мільёны даляраў.
У агенцтве заявілі, што кампанія ўвяла ў зман сваіх карыстальнікаў у Вугоршчыне, сьцьвярджаючы, што яе паслугі зьяўляюцца бясплатнымі, піша Bloomberg.
Гэта найбуйнейшы ў гісторыі Вугоршчыны штраф, зьвязаны з пытаньнем абароны правоў спажыўцоў.
Як адзначаецца ў паведамленьні, Facebook зьмясьціў на сваёй галоўнай старонцы і ў даведачным цэнтры слоганы «Бясплатна і кожны можа далучыцца», чым заявіў, што яго паслугі зьяўляюцца бясплатнымі (слоганы былі на сайце Facebook з 2010 па 23 кастрычніка 2019 году). Аднак у вугорскім агенцтве лічаць, што хоць людзі і ня плацяць грошай за карыстаньне сацсеткай, яны «заплацілі» тым, што Facebook зьбіраў і выкарыстоўваў іх пэрсанальныя зьвесткі. У далейшым дзякуючы сабранаму сацсетка магла прадаваць рэклямныя магчымасьці сваім кліентам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйсбук аштрафавалі на рэкордныя 5 мільярдаў даляраўАгенцтва заявіла, што паведамленьне аб бясплатным выкарыстаньні Facebook «адцягвае ўвагу спажыўцоў» ад кампэнсацыі, якую яны забясьпечваюць кампаніі, даючы свае пэрсанальныя зьвесткі.
Раней амэрыканскія ўлады аштрафавалі Facebook на рэкордныя за 5 мільярдаў даляраў за дапушчэньне масавай уцечкі асабістых дадзеных карыстальнікаў.