Француская паліцыя ўжыла сьлезацечны газ для разгону пратэстоўцаў, незадаволеных плянамі пэнсійнай рэформы. Як паведамляе Reuters, сутыкненьні адбыліся ў Парыжы і Нанце.
Тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцы з плякатамі «Макрон заблудзіўся» і «Не чапайце нашы пэнсіі». У сталіцы паліцыя ўжыла газ пасьля таго, як пратэстоўцы перакулілі і падпалілі грузавік.
У чацьвер па ўсёй Францыі пачалася ўсеагульная забастоўка. Да пратэстаў далучыліся настаўнікі, авіядыспэтчары, лекары, паліцыянты і супрацоўнікі судоў.
The French police use pepper spray, batons and tear gas as they beat back a wave of charging protesters in Paris https://t.co/NiBa8uInr8 pic.twitter.com/nP3lK2ENYA
— Reuters (@Reuters) December 6, 2019
У Парыжы пратэстуюць работнікі грамадзкага транспарту, не працуюць 11 ліній мэтро, зачыненыя крамы, банкі і рэстараны.
Радыкальная пэнсійная рэформа — адно з перадвыбарных абяцаньняў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Рэформа прадугледжвае зьмену прынцыпу налічэньня пэнсій — у французаў застанецца права выхаду на пэнсію ў 62 гады, але для атрыманьня поўнай пэнсіі ім давядзецца прапрацаваць мінімум да 64 гадоў. Гэты ўзрост будзе паступова павышацца, каб пэнсійная сыстэма заставалася бездэфіцытнай.
Урад павінен скончыць працу над рэформай у пачатку 2020 году.