Парлямэнт Ірака ўхваліў адстаўку прэм’ера

Парлямэнт Ірака ўхваліў адстаўку прэмʼер-міністра на фоне масавых пратэстаў у краіне. Пра гэта паведамляе Al Jazeera.

Адыл Абдул-Махдзі абвясьціў аб тым, што пакідае сваю пасаду яшчэ 29 лістапада — на наступны дзень пасьля таго, як у Багдадзе і яшчэ двух ірацкіх гарадах былі забітыя больш за 50 дэманстрантаў.

Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў, за два месяцы пратэстаў у краіне загінулі больш за 400 чалавек. Улады заяўляюць аб 100 загінулых.

Антыўрадавыя дэманстрацыі ў Іраку працягваюцца з пачатку кастрычніка. Жыхары Багдаду і гарадоў на поўдні краіны выступаюць супраць карупцыі і беспрацоўя.

Адыл Абдул-Махдзі абяцаў правесьці перастаноўкі ва ўрадзе, а таксама рэалізаваць рэформы ў сацыяльнай сфэры. Аднак дэманстранты сталі патрабаваць адстаўкі ўсяго ўраду.

Вышэйшы духоўны шыіцкі лідэр Ірака аятала Алі Сістані раней асудзіў жорсткія мэтады разгону мітынгоўцаў.