У МНС падзяліліся акалічнасьцямі абвалу на менскай будоўлі

На будоўлі жылога дому на праспэкце Дзяржынскага абваліліся перакрыцьці. Здымак 30 лістапада

Увечары 30 лістапада на будоўлі жылога дому на праспэкце Дзяржынскага, 19 у Менску абваліліся перакрыцьці некалькіх паверхаў. Агульная плошча абрынаньня склала 400 квадратных мэтраў, піша Міністэрства па надзвычайным сытуацыям.

Пасьля разьбіральніцтваў выявілася, што падчас прац па заліўцы бэтону:

  • на 20 паверсе абрынулася апалубка з вадкім бэтонам (каля 80 кубічных мэтраў);
  • пліта перакрыцьця 19 паверху абвалілася на 18-ты.

На момант правядзеньня прац на 20-м паверсе знаходзіліся два бэтоншчыкі, яны не пацярпелі.

Праз падзеньне канструкцый атрымалі пашкоджаньні дзьве машыны: «Опель Астра» і «Пежо 607». Машыны былі прыпаркаваныя за 20 мэтраў да абʼекту.

Прычына здарэньня высьвятляецца. Будаўніча-мантажныя працы спынілі да высьвятленьня акалічнасьцяў.

Сьведка здарэньня казаў казаў, што чуў моцны грукат, пасьля пабачыў, што перакрыцьці абваліліся на 18–19 паверхах. Як бачна з фота, перакрыцьці абваліліся ў частцы будоўлі, што знаходзіцца зусім недалёка ад ужо заселенай паловы будынку.

Жылы комплекс на Дзяржынскага, 19 мае назву «Гранд Хаўс», яго будуе ТАА «Датч Стар». Дольнікі будаўніцтва абураліся тым, што забудоўнік нечакана «ўшчыльніў» будынак — дадаў да праекту яшчэ чатыры жылыя пад’езды падчас будаўніцтва. У час прыёму кватэраў адбываліся канфлікты, адзін зь якіх зафіксавалі журналісты Onliner.by — яны назвалі такі прыём кватэры «самым скандальным за ўсю гісторыю».