Помнік уласаўцам у Празе, рэкордная канцэнтрацыя парніковых газаў і вернутая хрысьціянская рэліквія

Грэта Тунбэрг

Сем рэчаў, якія мы ўведалі за мінулы тыдзень.

Apple выпрацоўвае стандарты пазначэньня межаў спрэчных тэрыторыяў

Пасьля крытыкі за паказ анэксаванага Крыму расейскай тэрыторыі ў прыладах Apple кампанія мерыцца выпрацаваць агульны стандарт пазначэньня спрэчных дзяржаўных межаў.

Раней амбасада Ўкраіны ў Вашынгтоне накіравала ў кампанію патрабаваньне зьмяніць пазначэньне межаў Крыму, а былы кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны Паўло Клімкін байкатаваць прадукцыю Apple.

Фрагмэнт ясьляў Хрыстовых вернуты ў Бэтлеем

Адзначэньне вяртаньня рэліквіі ў Ярусаліме, 29 лістапада 2019

Папа Рымскі Францішак даў распараджэньне вярнуць у Бэтлеем фрагмэнт дрэва, зь якога, як лічыцца, былі зробленыя ясьлі Хрыстовыя. Рэліквія з VII стагодзьдзя захоўвалася ў базыліцы Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме. Калісьці яны былі падараваныя партыярхам Ерусаліму Сафроніем Папу Тэадору I. Аднак вернуты толькі фрагмэнт, асноўная частка рэліквіі застаецца ў Рыме. Цікава, што столь у Санта-Марыя Маджорэ аздобленая золатам, вывезеным Калюмбам зь першай экспэдыцыі на амэрыканскі кантынэнт.

Пэсымістычныя прагнозы эколягаў

Усясьветная метэрыялягічная арганізацыя заявіла, што канцэнтрацыя парніковых газаў на плянэце дасягнула рэкорднага ўзроўню і на 47% перавышае ўзровень даіндустрыяльнай эпохі. У апошні раз падобная канцэнтрацыя вуглякіслых газаў на Зямлі была 3-5 мільёнаў гадоў таму. Менавіта зьніжэньня шкодных выкідаў у атмасфэру патрабуюць удзельнікі акцыі «Пятніцы дзеля будучыні» (Fridays for Future), якое ініцыявала швэдзкая школьніца Грэта Тунбэрг.

Маніфэстацыя ў Рыме

Мадонна скасавала канцэрты

Зорка ўсясьветнай эстрады Мадонна вядомая яшчэ і тым, што, нягледзячы на часта эпатажныя паводзіны на сцэне, з павагай ставіцца да арганізатараў канцэртаў; апошнія сьцьвярджаюць, што ад яе практычна не пачуеш капрызаў ці неадэкватных патрабаваньняў. Аднак днямі сьпявачка была вымушана скасаваць тры канцэрты ў Бостане, з прычыны, як яна патлумачыла, «невыноснага болю». Раней паведамлялася, што ў Мадонны парваныя зьвязкі калена.

Канцэрт Мадонны, травень 2019

Загадкавая LB-1

Кітайскія навукоўцы выявілі «чорную дзірку» за 15 тысячаў сьветлавых гадоў ад Зямлі, якая парушае ўсе тэорыі нараджэньня і гібелі зорак. Яна важыць удвая болей, чым аналягічныя зорныя фармаваньні, і, паводле навукоўцаў, не павінна была б існаваць. «Чорная дзірка» атрымала назоў LB-1.

Ілюстрацыйнае фота

Пайшоў з жыцьця патрыярх японскай палітыкі

І ня толькі японскай — у 1982–87 гадах на пасадзе прэм’ер-міністра Ясухіра Накасонэ шмат у чым вызначаў палітычны клімат сьвету. Памерлы на 102-м годзе жыцьця, ён істотна ўмацаваў адносіны Японіі з ЗША, быў асабістым сябрам Рональда Рэйгана і аднойчы заявіў, што ў выпадку вайны паміж Амэрыкай і Савецкім Саюзам ператворыць Японію ў «непатапляльны авіяносец».

Рональд Рэйган і Ясухіра Накасонэ

У Празе можа зьявіцца помнік уласаўцам

Кіраўнік праскага раёну Ржэпорье Павал Новатны перадаў у расейскую амбасаду ў Чэскай Рэспубліцы ліст на імя Ўладзіміра Пуціна, у якім паведаміў, што ня мае намеру абмяркоўваць узьвядзеньне манумэнту ў памяць байцоў Расейскай вызвольнай арміі («арміі Ўласава»). Раней расейская амбасада крытыкавала ідэю ўзьвядзеньня помніка, палічыўшы гэта гераізацыяй вайсковых злачынцаў.

Андрэй Уласаў з салдатамі Расейскай вызвольнай арміі

Паводле Новатнага, жыхары раёну падтрымалі стварэньне помніка, бо менавіта войска генэрала Ўласава прыйшло на дапамогу ўдзельнікам Праскага паўстаньня і вызваліла супраць нацыстаў заходнія раёны Прагі. Тым часам прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман выказаўся супраць помніка ваяўнікам арміі Ўласава.