Аўтар: Эймас Чэпл
Хэльсынкі пасьля савецкага авіяналёту ў першы дзень Зімовай вайны.
30 лістапада 1939 году амаль паўмільёнае савецкае войска напала на Фінляндыю, распачаўшы так званую Зімовую вайну. Нечаканы напад адбыўся пасьля доўгіх і настойлівых патрабаваньняў Крамля, які баяўся магчымага нямецкага наступу празь Фінляндыю, правесьці абмен тэрыторыямі, каб адсунуць фінскую мяжу далей ад Ленінграду. Насьцярожаны савецкімі намерамі, фінскі ўрад у гэтым адмовіў.
Савецкае камандаваньне спадзявалася на лёгкую перамогу і плянавала завяршыць апэрацыю да 60-годзьдзя Сталіна 21 сьнежня. Але выйшла іначай.
Хоць Чырвоная армія ўрэшце выйграла гэтую вайну, перамагчы краіну з насельніцтвам усяго 3,7 млн чалавек удалося толькі празь некалькі месяцаў — і жахлівым коштам.
Жыхары Хэльсынкі спускаюцца ў бамбасховішча.
Гэта толькі нямногія з прыблізна 7000 фатаграфіяў Зімовай вайны з архіву Фінскіх узброеных сілаў, якія былі дыгіталізаваныя і адкрытыя для публікі ў 2013 годзе.
Гараць дамы ў прадмесьці Хэльсынкі.
У адказ на пратэсты сусьветнай супольнасьці супраць неабвешчанага нападу на Фінляндыю савецкі міністар замежных справаў Вячаслаў Молатаў заявіў, выступаючы ў радыё, што савецкія самалёты скідваюць ня бомбы, а пакеты з харчаваньнем для галодных фінаў.
Савецкі самалёт падчас налёту.
Сабаку надзяваюць газавую маску. Шырыліся беспадстаўныя страхі, што падчас уварваньня Чырвоная армія будзе ўжываць атрутныя газы.
Савецкія танкі (на дарозе ў глыбіні здымка) прасоўваюцца па фінскай тэрыторыі 17 сьнежня.
Артылерыйскі снарад выбухае каля сялянскай гаспадаркі падчас савецкага наступу.
Танк Чырвонай арміі едзе па Фінляндыі. Слаба ўзброеныя фіны напачатку змагаліся супраць савецкіх танкавых калёнаў.
Прыдуманая фінамі танная супрацьтанкавая зброя з бэнзіну і дзёгцю - кактэйль Молатава.
З своеасаблівым чорным гумарам фінскія салдаты назвалі ўжываныя супраць танкаў бутэлькі з запальнай сумесьсю імем савецкага міністра, намякаючы на яго фразу пра «пакункі з харчаваньнем для галодных фінаў». Назва «кактэйль Молатава» з тых часоў прыжылася ва ўсім сьвеце.
Фінскі патруль разьбірае зьбіты савецкі самалёт.
Шмат ужыванага фінамі ўзбраеньня было захоплена ў саветаў.
Саступаючы ў колькасьці жывой сілы і ўзбраеньня, фіны надзвычай эфэктыўна выкарыстоўвалі свае нешматлікія перавагі.
Апранутыя ў белы камуфляж, абаронцы былі амаль нябачныя ў сьнежным лесе.
Байцы Чырвонай арміі напачатку мелі цёмную ўніформу, таму былі лёгка заўважнай мішэньню для фінскіх снайпэраў.
Сіма Хяйхя, фінскі снайпэр, якога называлі "Белая сьмерць".
Селянін і паляўнічы Сіма Хяйхя, забіў больш за 500 савецкіх салдатаў, першы чым савецкі снайпэр цяжка параніў яго стрэлам у твар. Пазьней, калі ў яго спыталіся, ці ён шкадуе, што забіў столькі маладых людзей, ён адказаў: «Я проста рабіў, што мне казалі рабіць, так добра, як умеў». Хяйхя памёр у 2002 годзе, на помніку над яго магілай напісана «Дом — Вера — Айчына».
Фіны шырока ўжывалі паўночных аленяў, што дазваляла байцам перавозіць празь лес гарматы і мінамёты амаль зусім нячутна.
Затое савецкую вайсковую тэхніку было чуваць за кілямэтры, яна магла перасоўвацца толькі па некалькіх дарогах, пракладзеных празь фінскую дзікую прыроду.
Мёртвыя савецкія салдаты пасьля разгрому савецкай калёны ў студзені 1940 году.
Пакуль калёны савецкіх войскаў і тэхнікі выцягваліся на лясных дарогах, фінскія лыжнікі ціха падкрадаліся да іх і падрывалі тэхніку сьпераду і ззаду, а пасьля зьнішчалі заблякаваныя савецкія калёны.
Параненыя і зьмерзлыя чырвонаармейцы пасьля захопу ў палон у студзені 1940 году.
Мёртвыя чырвонаармейцы пасьля фінскага нападу.
У гады, што папярэднічалі савецкай агрэсіі, чыстка камандаваньня Чырвонай арміі падчас Вялікага Тэрору нанесла арміі вялікія страты.
Фінка зь пісталетам у хаце. Для фінаў вайна стала тым крызісам, які аб'яднаў народ і ўзьняў яго дух.
Вайна вайной, а саўна па распарадку.
Фінскія байцы ў момант адпачынку.
У студзені 1940 году брытанскі прэм'ер Ўінстан Чэрчыль выказаўся пра Зімовую вайну так: «Фінляндыя паказвае, на што здольны свабодны чалавек... Кожны можа бачыць, як камунізм разьядае душу народу; як яго душа ў мірным часе робіцца жалю годнай і галоднай, а ў вайне — подлай і агіднай. Мы ня ведаем, якім можа быць лёс ФІнляндыі, але нельга ўявіць сабе больш змрочную карціну, чым тую, што гэты велічны паўночны народ будзе ўрэшце зламаны і даведзены да рабства горашага за сьмерць грубай сілай пераважных лічбаў».
Замерзлы чырвонаармеец на месцы пагібелі.
Тэмпэратура ў Фінляндыі ў часе вайны ўпала да 40 градусаў марозу. Чырвоная армія паводле сваіх інструкцыяў не праводзіла вучэньняў пры тэмпэратурах ніжэйшых за мінус 15.
Мёртвыя савецкія салдаты і разьбітая тэхніка, люты 1940.
Група савецкіх салдатаў, якія трапілі ў акрыжэньне, паслала ліст свайму камандаваньню: «Мы паміраем, калі ласка, выплаціце нашы сакавіцкія заробкі нашым сем’ям. Скажыце ўсім, што мы загінулі як героі і не здаліся ворагу».
Фінскія афіцэры з захопленай савецкай прапагандай.
Палонны чырвонаармеец у пазычанай шапцы.
Падчас допыту адзін палонны ўспомніў, як яму казалі, што ён прыйшоў «вызваліць фінскіх рабочых ад капіталізму». Пасьля ён зразумеў, што яго падманулі: «Я адчуў на сваёй скуры, як прынялі нас тыя, каго мы прыйшлі „вызваляць“».
У фінскім лесе.
Пасьля тыдняў цяжкіх стратаў на ўсходняй мяжы Фінляндыі савецкае камандаваньне ўрэшце зьмяніла тактыку і засяродзілася на захопе Хэльсынкі на добра абароненым поўдні краіны.
Катэдральны сабор у Выбаргу, пашкоджаны падчас савецкага налёту.
Горад у паўднёвай Фінляндыі пасьля савецкага авіяналёту.
Запальныя касэтныя бомбы, якія саветы скідвалі на драўляную забудову фінскіх населеных пунктаў.
Фінскія байцы адступаюць з Выбаргу.
Пераважнаю колькасьцю жывой сілы саветы пачалі адцясьняць вычарпаных фінаў. У сакавіку 1940 году савецкія сілы ўвайшлі ў прадмесьці Выбаргу, фінам не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца на жорсткія савецкія ўмовы замірэньня.
Прыспушчаныя сьцягі на вуліцах Хэльсынкі ў дзень апублікаваньня мірнай дамовы 13 сакавіка 1940 году.
Эвакуацыя гораду ва ўсходняй Фінляндыі, які ў сакавіку 1940 году адышоў да СССР.
Пагадзіўшыся на замірэньне, Фінляндыя страціла 11 працэнтаў сваёй тэрыторыі, у тым ліку другой паводле велічыні горад Выбарг. Зімовая вайна забрала жыцьці 25 904 фінаў. Саветы страцілі як найменей 126 875 салдатаў.
Савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пазьней прыгадваў: «Усе мы — і ў першую чаргу Сталін — адчувалі ў нашай перамозе над фінамі элемэнт паразы. Вельмі небясьпечнай паразы, якая ўмацоўвае нашых ворагаў ва ўпэўненасьці, што Савецкі Саюз — калёс на гліняных нагах».
Крыху больш чым праз год пасьля заканчэньня Зімовай вайны Фінляндыя прыняла згубнае рашэньне далучыцца да нацысцкай агрэсіі супраць СССР