«ЖЭС-арт — гэта тая ж „апошняя дыктатура Эўропы“, толькі ня так банальна». У кінатэатрах ідзе фільм пра супрацоўніц ЖЭС і мастацтва

Максім Швед

«Чыстае мастацтва» — новы фільм рэжысэра Максіма Шведа больш расказвае аб празе беларусаў да чысьціні, чым аб беларускім мастацтве. За найлепшую рэжысуру Максіма Шведа адзначылі ў кастрычніку на фэстывалі «Артдокфэст», а на «Лістападзе» стужка атрымала спэцыяльны прыз «За дасьціпнае і трапнае адлюстраваньне беларускай самасьвядомасьці».

У гутарцы са Свабодай рэжысэр Максім Швед расказвае, як не зрабіцца лайном і дзе шукаць альтэрнатыўныя брэнды Беларусі.

«У вас усе ў Беларусі філёзафы?»

Манумэнтальнае гарадзкое мастацтва ў стылі фупрэматызму (фундамэнтальны супрэматызм), альбо па-простаму ЖЭС-арт, пачало асэнсоўвацца грамадзкай думкай у 2014 г. Тады, рыхтуючыся да выставы, супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю замалявала бел-чырвона-белы сьцяг на фатаздымку Сяргея Гудзіліна. На самім фатаздымку была жанчына, якая замалёўвае надпіс на сьцяне дома.

Стужка «Чыстае мастацтва» сутыкае на глебе фупрэматызму ўжо трох герояў: мастака Захара Кудзіна, супрацоўніц ЖЭСа Іну і Зіну і горад Менск (а насамрэч Беларусь) з усімі яго жыхарамі і танкамі.

Захар Кудзін


«Ідэя была такая: мастак з палатном капіюе квадраты, а на фоне ўвесь час нейкія незразумелыя сьвяты, — тлумачыць рэжысэр стужкі Максім Швед. — 2017-ты быў выбітным у гэтым сэнсе годам — 950-годзьдзе Менску, 500 год Скарыны, 100 год рэвалюцыі. І гэта ж таксама такое жыцьцё напаказ, як і гэтыя квадраты: «Глядзіце, у нас чыста! Глядзіце, мы моцныя! Глядзіце, у нас вялікія дулы!»

Фільм складаецца з дыялёгаў Захара і мінакоў пра мастацтва (а насамрэч пра жыцьцё) і з маналёгаў Іны і Зіны пра жыцьцё (і насамрэч пра жыцьцё). Частка мінакоў выпадковая — напрыклад, вулічны п’яніца, былы трэнэр па фігурным катаньні. Частка — запрошаныя сябры і знаёмыя.

«У Польшчы ў мяне спыталі: „У вас усе ў Беларусі філёзафы?“ Бо ў фільме кожны чалавек вельмі высакамоўна пра штосьці разважае. Але гэта здымачны працэс, мы ня можам стаяць шэсьць гадзін і чакаць кагосьці. Таму мы прасілі сяброў падысьці і паразмаўляць з Захарам. Але мы не казалі пра што, на якую тэму, ніякага падрыхтаванага тэксту. Гэта рэальныя людзі, якія выказваюць свае рэальныя думкі. Але, насамрэч, у фільме вельмі шмат выпадковых мінакоў».

Максім Швед

«Белае палатно — гэта Беларусь, загрунтаваная і гатовая да ўсяго​»

Супрацоўніц ЖЭСа Іну і Зіну асыстэнтка рэжысэра Кацярына Маркавец адшукала ў ЖЭСе Цэнтральнага раёну. Кацярына кажа, што пасьля працы над фільмам (25 здымачных дзён і амаль 4 гады суправаджальных клопатаў) яна дагэтуль пазнае, дзе квадраты, якія намалявалі яе гераіні, бо ў іхніх квадратаў вельмі добра прамаляваныя контуры.

Істотная частка фільму — «гіганцкае белае палатно, якое вандруе па вуліцах Менску» ў руках Захара. Візуальную ідэю падказаў апэратар, а мастак спачатку адмаўляўся гэтае палатно цягаць. Канцэпцыя за гэтым тая, што белае палатно — гэта Беларусь, загрунтаваная і гатовая да ўсяго, яшчэ не пазнаная і не адрэфлексаваная Terra Incognita.

«Захар казаў: „Не, гэта ж няпраўда, гэта не дакумэнтальнае кіно“. Але самае сьмешнае, што калі яго карціну ўзялі ў Нацыянальны мастацкі музэй, яму сказалі: „Ты павінен гэтую працу неяк нам даставіць“. І ён доўга намагаўся засунуць яе ў машыну, але ня ўлезла. І ён з Кастрычніцкай пёр яе сам праз усе вуліцы».

«І я зразумеў, што можа нічога ня быць, танкі рассмоктваюцца, жыцьцё сыходзіць»

Падчас працы над фільмам нікога не арыштавалі, хоць каманда здымала, як мастак малюе на вялікім палатне ў грамадзкіх месцах і падчас значных дзяржаўных мерапрыемстваў.

«Самы складаны этап здымак — гэта першыя пяць дзён, калі мы спрабавалі зразумець, ці працуе ідэя, — прыгадвае Швед. — І гэтая „пяцідзёнка“ выпала на рэпэтыцыю параду на Дзень Незалежнасьці. Мы з Корпуса выйшлі зь белым палатном, прыбег нейкі дзядзечка „ў цывільным“ і спытаў: „А што тут у вас увогуле за халабуда?“ І я зразумеў, што можа нічога ня быць, танкі рассмоктваюцца, жыцьцё сыходзіць».

У фільме нават згадваюцца «вусы», але стужка трапіла на «Лістапад» і ў пракат. Хоць яшчэ ў мінулым годзе ўсё было ня так адназначна. Максім ня бачыць тут тэорыі змовы, як і ня верыць, што ўсё залежыць ад думкі нейкага аднаго чалавека. Сёлетні «вольны» склад удзельнікаў для яго ня вецер пераменаў — проста шараговае праветрываньне.

«Баяцца — гэта нармальна»

Максім кажа, што цэнзура — гэта і ёсьць страх. Але ў Беларусі страх своеасаблівы: мы баімся не чагосьці канкрэтнага, а чагосьці, што выб’е нас з гэтай стабільнасьці існаваньня.

Але бывае і страх, які дапамагае.

«Страшна, калі на прэзэнтацыях ад цябе залежыць, дадуць праекту грошы ці не. Нават кожны новы здымачны дзень — гэта заўжды страшна, бо шмат што не залежыць ад цябе, гэта ж рэальная, жывая матэрыя. Але наша ўлюбёная з Захарам цытата з нашага ўлюбёнага з Захарам фільму „Грань будучыні“ з Томам Крузам: «Баяцца — гэта нармальна».


У кіно Максім прыйшоў пасьля прадпрымальніцтва і празь цікаўнасьць да сцэнарнага майстэрства. Здымаў зь сябрамі «за піцу», працаваў з польскай кінаіндустрыяй і на «Беларусьфільме». Кажа, што зарабіць на беларускім кіно немагчыма.

«Наш пласт культуры, тое, чым я займаюся, — гэта час кампосту, — кажа Максім. — Магчыма, хтосьці іншы прыйдзе і ўстане на нашыя плечы. І гэта ня будзе пустыня, як цяпер, а ўжо на нашай урадлівай глебе зьявіцца нейкі фэномэн. Як, напрыклад, румынскае кіно — нацыянальнае кіно, якое сапраўды будзе гучаць ува ўсім сьвеце. Вядома, добра, каб гэта пры нашым жыцьці здарылася, але хаця б не зрабіцца, прабачце, лайном, хаця б кампостам».

Максім шмат іранізуе. Гумар — гэта пра ягоны характар, і крыху пра іншы беларускі брэнд — кпіны як адметнае пачуцьцё гумару.

«Такі сродак абароны, — кажа Максім. — Мы ня можам нічога гэтаму супрацьпаставіць, давайце хаця б рагатаць з гэтага. Мне здаецца, гэта здаровая рэакцыя на ўвесь абсурд. І фільм — гэта спосаб ставіцца да ўсёй гэтай лухты крыху іранічна. Мы дваццаць пяць год жылі ў гэтым, ад гэтага не сысьці, але гэта ня трэба забіваць у сабе, проста пра гэта трэба казаць. Нават замазаная фраза ўсё роўна застаецца, і яна застаецца яшчэ больш яскравай. Нам трэба размаўляць — вось такі мэсыдж».

Рэжысэр не аднойчы заўважае, як ня любіць вобраз «апошняй дыктатуры Эўропы» — гэта банальна, танна, нудна, надакучыла і ад гэтага трэба пазбаўляцца. Канчаткова гэта стала зразумела, калі нашым брэндам дыктатуру назвала Эйсмант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатура — брэнд Беларусі

«Мы акурат і працуем над альтэрнатыўным вобразам Беларусі, — разважае Максім. — Мы можам зрабіць брэндам квадраты, якімі супрацоўнікі ЖЭСа зафарбоўваюць графіці. Гэта ўсё тая ж апошняя дыктатура Эўропы, толькі значна цікавейшая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой самы вялікі ганарар — 100 тысяч даляраў». Сцэнарыст Курэйчык пра беларускі патрыятызм і працу ў Расеі