Пратэстоўцы ў Тбілісі паставілі намёты на дарозе перад парлямэнтам

На праезнай частцы праспэкту Руставэлі ў Тбілісі, перад будынкам парлямэнту Грузіі, паставілі шэсьць намётаў. У іх частка ўдзельнікаў акцыі пратэсту маюць намер правесьці ноч.

Сёньня ў Тбілісі прайшла акцыя пратэсту пад слоганам — «Разам — супраць аднаго». Да акцыі далучыліся лідэры і прыхільнікі апазыцыйных палітычных партый. Удзельнікі выступленьня апратэстоўваюць правал у парлямэнце канстытуцыйнага законапраекту аб правядзеньні прапарцыйных выбараў у 2020 годзе.

Пратэсты пачаліся 14 лістапада пасьля таго, як парлямэнт Грузіі адмовіўся перайсьці на поўную прапарцыянальную выбарчую сыстэму.

Цяпер па такой сыстэме абіраецца толькі палова грузінскага заканадаўчага органа. Пераход быў першапачаткова заплянаваны на 2024 год. Але апазыцыйныя партыі запатрабавалі ўвесьці закон ужо цяпер, настойваючы на тым, што цяперашняя сыстэма дазваляе каля паловы месцаў у парлямэнце займаць прадстаўнікам «Грузінскай мары».

Законапраект падтрымаў 101 заканадаўца, але для таго, каб папраўка ў Канстытуцыю прайшла, ёй патрабавалася ня менш за 113 галасоў. Большасьць прадстаўнікоў «Грузінскай мары» 14 лістапада прагаласавалі супраць папраўкі, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі партыі пасьля летніх пратэстаў абяцалі адмяніць мажарытарную сыстэму ўжо для выбараў 2020 году.