Апазыцыя блякуе ўваход у парлямэнт Грузіі, дамагаючыся датэрміновых выбараў

Пратэст перад парлямэнтам Грузіі, 18 лістапада 2019

У Тбілісі перад будынкам парлямэнту працягваюцца акцыі пратэсту. Актывісты і апазыцыйныя партыі ўсталявалі намёты каля ўваходу і заяўляюць, што не дазволяць заканадаўцам ад кіроўнай партыі ўвайсьці ў парлямэнт, пакуль ня будзе выканана асноўнае патрабаваньне — датэрміновыя выбары.

Пратэстоўцы не прапусьцілі ў парлямэнт прадстаўніка кіроўнай «Грузінскай мары» Мэраба Кварыю, якому давялося прайсьці пры дапамозе супрацоўнікаў паліцыі.

Пратэсты пачаліся 14 лістапада пасьля таго, як парлямэнт Грузіі адмовіўся перайсьці на поўную прапарцыянальную выбарчую сыстэму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы будуюць барыкады каля парлямэнту Грузіі

Цяпер па такой сыстэме абіраецца толькі палова грузінскага заканадаўчага органа. Пераход быў першапачаткова заплянаваны на 2024 год. Але апазыцыйныя партыі запатрабавалі ўвесьці закон ужо цяпер, настойваючы на тым, што цяперашняя сыстэма дазваляе каля паловы месцаў у парлямэнце займаць прадстаўнікам «Грузінскай мары».

Законапраект падтрымаў 101 заканадаўца, але для таго, каб папраўка ў Канстытуцыю прайшла, ёй патрабавалася ня менш за 113 галасоў. Большасьць прадстаўнікоў «Грузінскай мары» 14 лістапада прагаласавалі супраць папраўкі, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі партыі пасьля летніх пратэстаў абяцалі адмяніць мажарытарную сыстэму ўжо для выбараў 2020 году.