Краіна, дзе праваліўся беларускі сцэнар. Што адбываецца ў Балівіі

Эва Маралес і Аляксандар Лукашэнка. Экс-прэзыдэнт Балівіі наведаў Менск у 2013 годзе

Цягам аднаго дня Эва Маралес, які два тыдні таму абвясьціў пра чацьвёртую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Балівіі, пагадзіўся на новае галасаваньне, а пазьней падаў у адстаўку.

Факты пра Балівію

  • Эва Маралес кіраваў Балівіяй ад 2006 году
  • Дзякуючы гандлю прыродным газам, апошнія гады краіна хутка разьвіваецца. Рост ВУП перавышае 6%
  • За 10 гадоў сярэдні гадавы даход жыхара краіны павялічыўся з 900 да 3 тысячаў даляраў
  • Папулярнасьць прэзыдэнта меншая ва ўсходняй, багацейшай, частцы краіны
  • Балівія — трэцяя краіна сьвету паводле аб’ёму вытворчасьці кокі і какаіну, які атрымліваецца пасьля хімічнай перапрацоўкі. ААН прызнаў какаін другім паводле ступені небясьпекі наркотыкам сьвету
  • Больш за 55% насельніцтва Балівіі — карэнныя індзейцы, і з ініцыятывы Маралеса за 13 гадоў тут афіцыйны дзяржаўны статус атрымалі 37 розных моваў
  • Прынамсі 60% балівійцаў — кансэрватыўныя каталікі. Рымска-каталіцкая царква крытыкавала яго за аўтарытарныя мэтады кіравання і выкарыстаньне ўлады для падаўжэньня прэзыдэнтуры

Сталіца Балівіі - Сукрэ

З чаго ўсё пачалося?

20 кастрычніка ў Балівіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Паводле афіцыйных вынікаў, Эва Маралес здабыў 47,08% галасоў, а ягоны галоўны канкурэнт, цэнтрыст і папярэдні прэзыдэнт Карлас Мэса — 35,61. Але гэта былі вынікі з падліку толькі 84% галасоў.

Розьніца паміж канкурэнтамі склала 11%, а каб пазьбегчы рызыкоўнага другога туру, паводле балівійскага закону, патрэбная перавага ў 10%. Потым ЦВК краіны спыніла падлік і паведаміла пра вынікі толькі праз тры дні, адмовішыўся ад папярэдніх дадзеных зь некаторых акругаў.

Апазыцыя абвясьціла, што вынікі сфальсыфікаваныя. У краіне пачаліся масавыя пратэсты. У сутыкненьнях загінулі прынамсі тры чалавекі і больш за 300 былі параненыя. Паводле апазыцыі, у многіх рэгіёнах да антыўрадавых пратэстаў далучалася і паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балівія: сфальсыфікаваў выбары — пайшоў у адстаўку

Як паводзіў сябе Маралес?

Калі пачаліся пратэсты, Маралес спачатку абвясьціў пра сваю перамогу, а затым асудзіў пратэсты, назваўшы іх спробай дзяржаўнага перавароту. Пасьля заявіў, што калі пратэсты ня спыняцца, ён накіруе сваіх прыхільнікаў зь вясковых правінцый у гарады, дзе адбываюцца пратэсты.

Пратэсты ў Сант-Крусе, найбуйнейшым горадзе краіны

Хто такі Маралес

Тры тыдні таму Маралесу споўнілася 60 гадоў. Ён кіраваў краінай ад 2006 і быў першым у гісторыі этнічным індзейцам на чале рэспублікі. У палітыку ён трапіў у 1997 годзе. На выбарах у парлямэнт ён атрымаў рэкордную падтрымку ў краіне.

Да таго Маралес займаўся фэрмэрствам — вырошчваў коку і кіраваў нават рухам вытворцаў кокі ў Балівіі.

Маралес — палітык левага напрамку. Узначальваў Рух на карысьць сацыялізму, удзельнічаў у сялянскіх пратэстах супраць лібэральных урадаў.

Падчас сваёй першай прэзыдэнцкай кампаніі ён абяцаў сялянам, што скасуе забарону на разьвядзеньне кокі, якую ўвяла папярэдняя ўлада. Падчас яго прэзыдэнцтва дзяржава пачала кантраляваць нафтавыя і газавыя радовішчы. Дзякуючы гэтаму краіна ў тры разы павялічыла прыбытак ад эксплюатацыі сыравіны. За гэтыя грошы Маралес збудаваў шчодрую палітыку сацыяльнай дапамогі.

Пры Маралесе краіна багацела. Што не падабалася людзям?

Людзям не падабаліся аўтарытарызм, карупцыйныя скандалы і мэгаляманія Маралеса. Як лічаць экспэрты, ажно 80% грамадзкіх і прыватных СМІ ў Балівіі падпарадкаваныя ўраду.

У выніку падзеньня цаны на нафту многія сацыяльны праекты ў краіне былі згорнутыя, вырас дэфіцыт бюджэту.

Сушэньне кокі ў Балівіі

Як яму ўдалося балятавацца чацьвёрты раз?

Канстытуцыя Балівіі абмяжоўвае колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмірнаў да двух. Дарэчы, гэта была заслуга самога Маралеса. Такую зьмену ў канстытуцыю прынялі зь яго ініцыятывы. Тады яна была карыснаю ў змаганьні з канкурэнтамі.

Папярэднія выбары, у 2014 годзе, былі па-сутнасьці трэцімі, але юрыдычна — другімі. Такое рашэньне прыняў суд. Падчас першага тэрміну апазыцыя ініцыявала рэфэрэндум за адстаўку, але Маралес перамог.

У 2016 годзе Маралес задумаў зьмяніць той самы закон, які сам і ініцыяваў. Ён правёў рэфэрэндум наконт трэцяга тэрміну, але пацярпеў паразу. Вынікаў ён тады не прызнаў, заявіўшы, што супраць яго працавала амэрыканская прапаганда.

Чаму ўсё аднавілася ажно праз тры тыдні пасьля выбараў?

У нядзелю міжнародныя назіральнікі заявілі аб парушэньнях на выбарах. Прадстаўнікі Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў, якая праводзіла аўдыт выбараў, выявілі падробленыя подпісы і масавыя маніпуляцыі з вынікамі праз кампутарную сыстэму падліку. Іх пагадзіўся запрасіць у краіну сам Маралес.

У справаздачы гаварылся, што перавага ў 10% над Мэсам статыстычна немагчымыя. У новай заяве Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў напісала, што «праведзены 20 кастрычніка першы тур мусіць быць ануляваны, а ўвесь выбарчы працэс мусіць пачацца нанова».

Балівійская апазыцыя адразу ж выступіла з патрабаваньнем адстаўкі Маралеса.

Як на гэта адрэагаваў Маралес

Ён прапанаваў пратэстоўцам сесьці за стол перамоваў, а раніцай 10 лістапада нават пагадзіўся распусьціць выбаркам і сфармаваць яго нанова, ануляваць вынікі першага туру і правесьці новыя выбары. Аднак усё гэта яму ўжо не дапамагло.

Празь некалькі гадзін камандуючы ўзброенымі сіламі Балівіі генэрал Ўільямс Каліман заявіў, што правядзеньня новых выбараў будзе недастаткова.

«Прааналізаваўшы сытуацыю ўнутранага канфлікту, мы просім прэзыдэнта сысьці ў адстаўку, што дазволіць аднавіць мір і стабільнасьць на карысьць нашай Балівіі», — сказаў Кальман.

Пасьля гэтага Маралес у адмысловым тэлезвароце заявіў пра сыход у адстаўку.

Маралес абвяшчае пра адстаўку

Што было пасьля?

Абавязкі прэзыдэнта перайшлі да віцэ-прэзыдэнта, але і ён падаў у адстаўку. Пасьля абавязкі мусіў пераняць сьпікер парлямэнту, але і ён падаў у адстаўку.

Старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Балівіі Марыю Эўхенсію Чоке і яе намесьніка Антоніё Костаса арыштавалі за махлярства падчас прэзыдэнцкіх выбараў 20 кастрычніка. Абое спрабавалі ўцячы з Ла-Пасу, пры гэтым Марыя Эўхенсія Чоке была пераапранутая як мужчына, спрабуючы схавацца ад паліцыі.

Акрамя іх, паводле падазрэньня ў фальсыфікацыі і іншых злачынствах на выбарах затрымалі яшчэ 36 іншых службовых асобаў выбарчага органу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштавалі старшыню ЦВК Балівіі. Уцякала з краіны, пераапранутая мужчынам

А хто галоўны апанэнт Маралеса?

Карлас Мэса — былы кінавытворца і журналіст. У 2003-2005 гадах быў прэзыдэнтам Балівіі. Пасаду ён атрымаў у выніку сыходу папярэдняга прэзыдэнта Гансала Санчэса дэ Ласада, пры якім Мэса займаў пасаду віцэ—прэзыдэнта.

Паводле поглядаў левы цэнтрыст.

Рука Крамля?

У кастрычніку 2019 году стала вядома, што на апошніх выбарах Эва Маралеса падтрымлівалі каля дзясятка дасьведчаных паліттэхнолягаў з Расеі, адпраўленых у Балівію дзяржаўнай карпарацыяй «Росатом», якая будуе побач з Ла-Пасам ядзерны цэнтар коштам 300 мільёнаў даляраў. Як высьветлілі журналісты, у Балівіі ў апошнія месяцы працавала місія «Росатома», дзейнасьць якой курыравалі з Крамля.

МЗС Расеі і ўлады некалькіх краін Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура, новаабраны прэзыдэнт Аргентыны Альбэрта Фэрнандэс, прэзыдэнты Нікарагуа і Кубы, ужо назвалі падзеі ў Балівіі «дзяржаўным пераваротам».

А што Беларусь?

Міністэрства замежных спраў Беларусі апублікавала 11 лістапада афіцыйны камэнтар да падзей у Балівіі. Каго падтрымліваюць беларускія дыпляматы — ці экс-прэзыдэнта Эва Маралеса, ці ягоных апанэнтаў, з камэнтару незразумела.

Беларусь, паводле МЗС, выступае «за наладжваньне агульнанацыянальнага дыялёгу ў мэтах пераадоленьня ўсіх наяўных супярэчнасьцяў у Балівіі» — «выключна мірным шляхам» і «ў межах прававога поля».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пракамэнтавала зьмену ўлады ў Балівіі

Тры тыдні таму Аляксандар Лукашэнка накіраваў яму тэлеграму, у сувязі з 60-годьздзем.

«Гэтая дата ня толькі падкрэсьлівае Ваш багаты жыцьцёвы досьвед і мудрасьць, але і адкрывае шырокія пэрспэктывы для новых зьдзяйсьненьняў, — гаварылася ў віншаваньні. — За гады плённай працы Вы заслужылі рэпутацыю адказнага і ініцыятыўнага палітыка, які неаднаразова пацьвярджаў здольнасьць эфэктыўна вырашаць найбольш складаныя і маштабныя задачы».​