Затрыманага ў Польшчы лідэра УНА-УНСО перадалі на парукі ўкраінскаму консулу

Ігар Мазур

Затрыманага ў Польшчы ўкраінскага актывіста Ігара Мазура перадалі на парукі консулу Ўкраіны. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла упаўнаважаная Вярхоўнай рады ў пытаньнях правоў чалавека Людміла Дзянісава.

Паводле яе, суд у справе абраньня меры стрыманьня адмяняецца. Да заканчэньня разгляду пытаньня аб экстрадыцыі Мазура ў Расею ён будзе жыць у генэральным консульстве Ўкраіны.

Ігар Мазур — вэтэран вайны ў Данбасе і адзін зь лідэраў нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО. Ён быў затрыманы напярэдадні на запыт Расеі на памежным пераходзе паміж Украінай і Польшчай. Расейскія сьледчыя ўнесьлі актывіста ў базу дадзеных Інтэрполу паводле падазрэньня ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях у Чачні ў 1990-х гадах на баку чачэнскіх сэпаратыстаў.

Паводле такога абвінавачаньня ў Расеі раней былі асуджаныя два грамадзяніны Ўкраіны — Мікалай Карпюк і Станіслаў Клых. Яны не прызналі віны. У верасьні сёлета яны былі абмененыя ў рамках абмену паміж Расеяй і Ўкраінай паводле формулы «35 на 35».

Віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы Малгажата Гасеўска напісала ў фэйсбуку, што Мазур быў затрыманы «выключна з тэхнічных прычынаў для захаваньня стандартнай працэдуры разгляду ордэру Інтэрполу», і Польшча наўрад ці перадасьць яго Расеі. Яна таксама абвінаваціла Расею ў выкарыстаньні міжнародных інстытутаў для перасьледу сваіх апанэнтаў. У падобным духу выказаліся і прадстаўнікі МЗС Украіны, і кіраўнік МУС краіны Арсен Авакаў. Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў, што пытаньне будзе вырашанае «ў адпаведнасьці зь міжнародным правам».