Расея адкажа перад міжнародным судом на пазоў Украіны

Алена Зеркаль, намесьніца міністра замежных справаў Украіны

Міжнародны суд ААН у Гаазе 8 лістапада адхіліў пярэчаньні Расеі наконт пазову Ўкраіны і будзе разглядаць у сутнасьці справу, дзе Кіеў абвінавачвае Маскву ў парушэньні дзьвюх канвэнцыяў.​

«Расея ўпершыню будзе адказваць за парушэньні міжнароднага права і парушэньні правоў чалавека», — пракамэнтавала рашэньне суду ў Гаазе Алена Зеркаль, намесьніца міністра замежных справаў Украіны.

На думку ўкраінскага боку, Расея парушыла канвэнцыю аб барацьбе з фінансаваньнем тэрарызму, аказваючы падтрымку сэпаратыстам у Данбасе.

Сядзіба Міжнароднага суду ААН у Гаазе

Кіеў таксама лічыць, што Масква парушае канвэнцыю аб ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ў анэксаваным Крыме. Украіна заяўляе, што на паўвостраве ўшчамляюцца правы украінцаў і крымскіх татараў.

Украіна падала пазоў супраць Расеі ў 2017 годзе. Тады Міжнародны суд ААН вынес папярэдняе рашэньне і абавязаў Маскву выконваць правы крымскіх татараў. Аднак суд не прыняў ніякага рашэньня ў дачыненьні да Расеі з прычыны Данбасу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе пачаліся слуханьні па пазове Ўкраіны да Расеі

Летась Расея адправіла ў суд свае пярэчаньні. Крэмль запэўніваў, што Міжнародны суд не мае юрысдыкцыі для разгляду скаргі Украіны. Але гэтыя аргумэнты на сёньняшнім пасяджэньні адхілілі.