Прадстаўнік Беларусі раскрытыкаваў Раду ААН у правах чалавека за «палітызацыю і двайныя стандарты»

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, выступаючы на пленарным пасяджэньні 74-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН па Дакладзе Рады ААН у правах чалавека, раскрытыкаваў дзейнасьць Рады, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Рыбакоў: Орган ААН дэманструе двайныя стандарты

У сваім выступе Валянцін Рыбакоў падкрэсьліў, што праца Рады ААН у правах чалавека «павінна быць накіраваная на рэальныя пытаньні правоў чалавека» і «раскрытыкаваў дзейнасьць Рады, адзначыўшы наяўнасьць закаранелых праблем у яе працы: палітызацыю і двайныя стандарты; неаб’ектыўнасьць ацэнак сытуацый з правамі чалавека ў розных краінах; празьмерную перагружанасьць дыскусій краінавымі „сюжэтамі“», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.

Валянцін Рыбакоў

Паводле кіраўніка беларускай дыпмісіі, Рада «ператвараецца ў рэпрэсіўны орган і працуе насуперак Парадку дня ў галіне ўстойлівага разьвіцьця на пэрыяд да 2030 году, у якім ня згадваецца легалізацыя мэтадаў палітычнага ціску, санкцый або іх пагроза».

Рыбакоў заявіў, што «ўмацаваньне Рады ААН у правах чалавека не павінна разглядацца за кошт надзяленьня гэтага органу дадатковымі функцыямі „судзейства“», піша ведамства.

Стэфановіч: Грэблівае стаўленьне Беларусі да міжнародных абавязаньняў

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, які пры канцы кастрычніка быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, у камэнтары для Свабоды падкрэсьліў: насамрэч нічога новага беларускі чыноўнік не сказаў — афіцыйны Менск раз-пораз выступае з крытыкай Рады і Камітэту па правах чалавека ААН, патрабуючы спыніць «палітызацыю».

Валянцін Стэфановіч

«Беларусь крытыкуе органы ААН найперш у сувязі з тым, што Радай у свой час быў прыняты спэцмандат па Беларусі — прызначаны так званы краінавы дакладчык, — тлумачыць суразмоўца. — Афіцыйны Менск катэгарычна супраць, бо лічыць, што для гэтага няма ніякіх падставаў. Адпаведна, гэта „палітызацыя правоў чалавека“, трэба дэманстраваць іншыя падыходы і г.д.

Тое самае ў Камітэце па правах чалавека. У кастрычніку мінулага году, калі Беларусь упершыню за 20 гадоў справаздачылася, мы таксама шмат чаго цікавага пачулі ад афіцыйнай дэлегацыі. Напрыклад, што выкананьне рашэньняў па індывідуальных зваротах беларускіх грамадзянаў — „факультатыўнае і неабавязковае“. А паколькі ўсё гэта прамаўляецца з высокіх трыбунаў ААН, ёсьць ні чым іншым, як дэманстрацыяй грэблівага стаўленьня беларускай дзяржавы да сваіх жа міжнародных абавязаньняў».

Паводле Валянціна Стэфановіча, такая сытуацыя сьведчыць пра выбарныя адносіны Беларусі з органамі ААН: у тых сфэрах, якія ёй цікавыя, супрацоўнічае, але калі агалюяцца крытычныя моманты, адразу заяўляюць пра «недапушчальныя падыходы».