«Размаўляць на роднай мове ў Беларусі — гэта дыскамфорт». Гутарка з зоркай «Інстаграму» Барбарай Гузарэвіч

Барбара Гузарэвіч

Барбара Гузарэвіч імгненна стала зоркай байнэту, выпусьціўшы трэк «BOSS»: засьпявала беларускамоўны рэп пра дзяўчат, якія кіруюць уласным жыцьцём. Цяпер мае ўжо два трэкі, і яшчэ два ў распрацоўцы, да таго ж нядаўна выйшаў фіт зь беларускамоўным рэпэрам Gleboki Smak.

Свабода пагутарыла з Барбарай пра хайп у мове, багемнае жыцьцё, фэмінізм і сяброўства з загінулай беларускай рэжысэркай Нікай Ніканавай.

Сьцісла:

  • — «Размаўляць на роднай мове ў Беларусі — гэта дыскамфорт; на цябе кожны раз дзівяцца і перапытваюць: «Ты можаш нармальна гаварыць?».
  • — Праца мадэлі — гэта вялікія фізычныя нагрузкі і маленькія заробкі.
  • — Ёсьць проста прыгожыя інстаграмы, але 90% інстаграмаў з рэстарацыямі і машынамі — гэта эскорт.
  • — «Я за здаровы фэмінізм і лічу, што і мужчыны павінны нейкую сваю функцыю выконваць, і адчыніць дзьверы дзесьці, мяне гэта аніяк не прыніжае».
  • — «Ты жывеш у краіне мары, мары ў цябе няма, бо твая столь — 500 даляраў з дыплёмам ФМА».
  • — «У нас такі зь Нікай быў плян, што яны там зь Пецем штосьці будуць рабіць да выбараў, і я таксама».

«Размаўляць на роднай мове ў Беларусі — гэта дыскамфорт»

Сустракаемся ў кавярні ў цэнтры гораду. «Што, вось так адразу фатаграфавацца? — Барбара прафэсійным рухам папраўляе пасму валасоў. — Дайце хаця б гарбаты замоўлю». Дзяўчына не хітруе — усё па-беларуску. І тут жа пагаджаецца: ёй часта гавораць, што ейная мова дзеля хайпу. Нават маці ёй так кажа.

«Размаўляць на роднай мове ў Беларусі — гэта дыскамфорт, — прызнаецца Гузарэвіч. — На цябе кожны раз дзівяцца і перапытваюць: „А? Што? Я нічога не разумею, ты можаш нармальна сказаць?“ І я не атрымліваю асалоды ад таго, што я кагосьці раздражняю. Мне проста сьмешна, калі людзі вось так кажуць, што моладзь проста хайпіцца. Я хачу паглядзець на людзей, якія рэальна дзеля нейкага „выпінаньня“ такі дыскамфорт на сябе бяруць — я такіх ня ведаю».

Дзяўчына ня ўтойвае, што сваё стаўленьне да мовы зьмяніла радыкальна. У школе адмаўляла яе зусім, пасьля ўнівэрсытэту стала цікавіцца беларускай гісторыяй, а цяпер актыўна прапагандуе беларушчыну. Памкненьне размаўляць пайшло з простага прынцыпу: ня ведаеш, дзе ўзяць, — зрабі сам: Барбара абураецца, што маладому беларусу сёньня няма дзе пачуць сучасную мову.

«Людзі пісалі, што ім дзіўна чуць пра Instagram-сторыз, Гучы, калі гэта на беларускай мове: яны ня могуць гэта ўспрымаць, — кажа Гузарэвіч. — Ня ведаю, якія асацыяцыі сёньня зь беларускай мовай. Шмат у каго гэта ці апазыцыя, ці школа. Мне захацелася паказаць, што вось я, якая я ёсьць, прыгожая, глямурная, размаўляю на сваёй мове ў сваёй краіне, і мне гэта ў падабаецца».

Пытаемся, ці хацела б выступіць на сцэне БНР-102, і Барбара ажно ўскоквае і крычыць, што гатовая хоць зараз. Але прызнаецца — у яе творчасьці зараз мэтай ня музыка, а мова. Таму, маючы добрыя вакальныя дадзеныя, яна схапілася за рэп як за форму — усё дзеля таго, каб надаць мове сучаснасьці. Кажа, што прыгожыя сьпевы сёньня нікому не цікавыя.​

«Ёсьць проста прыгожыя інстаграмы, а ёсьць эскорт-інстаграмы»

Сярод пастоў Барбары ёсьць і сьпеўнае відэа для Instagram-кастынгу ў расейскі гурт «Serebro». Менавіта гэтае відэа разам з фатасэсіяй для нью-ёркскага Elements Magazine і трэкам «BOSS» забясьпечылі дзяўчыне больш за 10 тысяч падпісантаў.

«Сама я не мадэль, хіба толькі аматарка пафоткацца, — сьмяецца Гузарэвіч. — Вядома, я здымалася і ў камэрцыйных розных праектах, напрыклад у рэкляме „Белкарт“ (сьмяецца). Але я не ўяўляю ў Беларусі такую спэцыяльнасьць, як мадэль».

Барбара кажа, што ў Менску працаваць мадэльлю і весьці «багемнае» жыцьцё нерэальна: хіба што былі б дзьве мадэлі на ўсю Беларусь. І наогул такая праца залішне ідэалізаваная, бо здымкі — гэта доўгі і фізычна складаны працэс, плацяць за яго мала, бо ў нашай краіне безьліч прыгажунь, якія гатовыя здымацца і бясплатна. А так ува ўсіх ёсьць падпрацоўка. Сама Барбара працуе адміністратаркай у казіно і пагаджаецца, што збоку яе жыцьцё, можа, выглядае багацейшым, чым у сярэдніх беларусаў. Пытаемся, як яе ўвогуле пачаў турбаваць лёс сучаснай Беларусі?

«Ну я ж не сьляпая, — кажа Барбара. — Ад таго, што ў мяне тут бутэлька віна і „Bistro de Luxe“ — гэта ня значыць, што я сьляпы чалавек ці неразумны».

На думку дзяўчыны, 90% глямурных інстаграмаў, дзе большасьць фота з рэстаранаў і з прыгожымі машынамі — гэта акаўнты эскорт-паслуг: сэкс-турызм у Беларусі ні для каго не сакрэт. Тут жа дадае, што збоку і яе акаўнт можа так выглядаць, але яна проста карыстаецца тым, што фота з машынамі і рэстарацыямі добра «лайкаюць».

«Калі ня браць гэтую эскорт-супольнасьць, то ў асноўным у Bistro DeLuxe і Cafe de Paris шмат менавіта цікавых людзей, — кажа Барбара. — Вядома, што гэта не людзі „БНР-100“, але яны таксама не сьляпыя, маюць мазгі, і зь імі проста цікава весьці размову».

«І яна б у гэтыя дзьверы бум ілбом!»

Акрамя палітыкі і эканомікі, дзяўчына выказваецца яшчэ і пра фэмінізм. Дакладней, яна крытыкуе беларускіх фэміністак за радыкалізм і пошукі сэксізму там, дзе, на яе думку, мае месца асабістае непаразуменьне.

Супраць фэмінізму Барбара нічога ня мае — ён шмат нам даў гістарычна, у тым ліку правы працаваць і ўдзельнічаць у выбарах (хаця, кажучы аб праве выбару, Барбара іранічна ўсьміхаецца). Аднак дзяўчына моцна абурылася, калі пачула выказваньне «Сёньня мы падалі жанчыне паліто, а заўтра мы за яе прымем рашэньне, ці трэба ёй рабіць аборт». Гузарэвіч кажа, што, калі ёй адчыняць дзьверы ці пададуць паліто, абражанай сябе не адчуе — наадварот, яна ў гэтым момант каралева. Да таго ж і мужчына мужчыну (і жанчына жанчыне) можа паліто падаць — Барбара ня бачыць у гэтым гендэрных падтэкстаў.

«Як гэта можна ўспрымаць у нейкім нэгатыўным сэнсе? — абураецца дзяўчына. — Толькі калі ты звышзакамплексаваны чалавек і ў кожнай сытуацыі бачыш, што цябе неяк прыніжаюць. Калі б я была мужчынам і яна сказала б, што ёй ня трэба дзьверы прытрымліваць, я б гэтыя дзьверы проста адразу перад яе носам і зачыніла б: „Калі ласка, трымай сама, аніякіх пытаньняў“. І яна такая ў гэтыя дзьверы бум ілбом! Ну сур’ёзна, хочаш трымаць — на здароўе, трымай».

З кавярні бяжым за Барбарай у двары на Пуліхава: там месьціцца студыя гуказапісу. Сёньня дзяўчына тут упершыню, таму па дарозе яна перамаўляецца са сваёй выкладчыцай вакалу — па-расейску.

«Яна зусім не разумее, калі я гавару на беларускай мове, — апраўдваецца Гузарэвіч. — Яна беларуска, але калі я зь ёй размаўляю па-беларуску, яна вельмі, вельмі, вельмі доўга гэта асэнсоўвае. Нам гэта проста нязручна, я зь ёй працую, плачу ёй грошы».

Барбара і выкладчыца вакалу

Пішуць новы трэк — цяпер ужо вакальны і сэксуальны. Але перад гэтым у Маскве зрабілі сацыяльна-палітычны.

«Ты жывеш у краіне мары, мары ў цябе няма, бо твая столь — 500 даляраў з дыплёмам ФМА», — зачытвае ўрывак дзяўчына. — І такі прыпеў ідзе, як ад улады: «Так, не чулі пра свабоду меркаваньняў! Так, у нас сваіх тут шмат жаданьняў! Так, мы вашую волю падаўляем! Так, мы, штаб анархіі, уладу захапляем!»

«У мяне ўсё добра, але ты ня ведаеш, што будзе заўтра»

Ёсьць у трэку радок і пра сумнавядомы артыкул 328: «З чатырнаццаці гадоў убачыш волю ў дваццаць восем». Гузарэвіч крыху стрымана прызнаецца: у іх зь Нікай Ніканавай была дамова зрабіць нешта да выбараў.

Дзяўчаты пазнаёміліся яшчэ ў дзяцінстве ў летнім рэлігійным лягеры — Барбара паходзіць з рэлігійнай сям’і, хоць сябе рэлігійным чалавекам ня лічыць. Падчас здымак фільма «Пакаленьне 328» Барбара дапамагала Ніцы — у тым ліку стаяла «на шухеры» на плошчы Леніна, каб у выпадку затрыманьня зьняць усё на відэа. У Нікі было шмат арэндаванай тэхнікі, і для страхавой кампэнсацыі пашкоджаньня патрэбны былі б доказы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зьняла фільм пра «Матчын рух 328»

«Я зь ёй хадзіла паўсюль, — успамінае Барбара. — І было вельмі страшна, калі мы здымалі на плошчы Незалежнасьці. Хаця бегаць ад дзяржавы ўжо зь дзяцінства ў нас закладзена і гэта ўжо не экзотыка нейкая. Гэта ўсё зразумелыя ўсім рэчы».

Пытаемся, як гэта спалучаецца зь сяброўствам з маёрам Міністэрства абароны — і што сяброўка думае пра новы трэк.

«Сяброўка кажа: „Галоўнае, каб ніякіх прозьвішчаў не было!“, — усьміхаецца Барбара. — Яна разумее, што ня будзе эфэкту ад таго, што яна мне скажа: „Не рабі, не запісвай!“. Я ўсё роўна зраблю тое, што хачу».

Барбара ня ўтойвае, што яе асяродзьдзе ўсё ж часьцей далёкае ад грамадзка-сацыяльных праблем, і пытаньні: «Навошта табе гэта ўсё?» яна чуе ня толькі ад журналістаў.

«Мае сяброўкі, напрыклад, так і кажуць: „Я разумею, што ўсё кепска, але пакуль мяне гэта не датычыцца — гэта мяне не датычыцца“. А я так не магу. У мяне ўсё добра, і ў сям’і ўсё добра, але я разумею, што проста ты ня ведаеш, што будзе заўтра. І ты ня ведаеш, як будуць жыць твае дзеці. І калі будзе ўсё зусім дрэнна, то мо і табе будзе ня так проста жыць. Ты будзеш у небясьпецы».