«Сьмерць мадэрнізму ўвасобленая ў Палацы Рэспублікі». Архітэктар Дзьмітры Задорын тлумачыць «менскі фэномэн»

Палац Спорту. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Як архітэктура рэагуе на зьмену палітычнага рэжыму, чым быў унікальны «менскі фэномэн» і які комплекс праглядаецца ў архітэктуры, расказаў Свабодзе куратар беларускай часткі выставы «Горад заўтрашняга дня», дасьледчык архітэктуры савецкага мадэрнізму Дзьмітры Задорын.

«Сьмерць мадэрнізму ўвасобленая ў Палацы Рэспублікі»

— Як зьявілася канцэпцыя выставы «Горад заўтрашняга дня»?

— Хацелася паказаць, чым беларускі мадэрнізм адрозьніваўся ад савецкага мадэрнізму ў цэлым. Было тры варыянты канцэпцый.

Першая ідэя была прысьвечаная Кастрычніцкай плошчы. Для мяне Кастрычніцкая плошча — гэта інтэлектуальны, культурны, палітычны цэнтар Беларусі. Тут адбываліся сутыкненьні паміж ідэямі і рознымі ўяўленьнямі пра сьвет. Таму хацелася расказаць гісторыю Кастрычніцкай плошчы, дзе мадэрнізм фактычна нарадзіўся і памёр. Уласна кажучы, сьмерць мадэрнізму ўвасобленая ў Палацы Рэспублікі.

Архітэктар, куратар выставы Дзьмітры Задорын

Апроч таго, я хацеў паглядзець, што друкавалі ў 70-80-я гады ў часопісе «Строительство и архитектура Белоруссии». Дагэтуль Беларусь мала абмяркоўвалася ў савецкіх выданьнях, бо не было свайго. У 70-я гады ў беларускай архітэктуры вылучыліся тры кірункі: прамысловая архітэктура, экспэрымэнтальнае будаўніцтва вёсак і «менскі фэномэн».

У выніку сфакусаваліся на «менскім фэномэне», унікальнай жылой забудове. Таму выстава расказвае пра ідэальнае позьнесавецкае бачаньне сьвету.

Перасоўная выстава паказвае эвалюцыю савецкай мадэрнісцкай архітэктуры ад яе ўзьнікненьня ў 1920-х і адраджэньня ў позьніх 1950-х да развалу Савецкага Саюза, а таксама сёньняшняе выжываньне кавалачкаў гэтай спадчыны.

— Што такое «менскі фэномэн»?

— «Менскі фэномэн» мае два прачытаньні. Адно зь іх падняў нямецкі гісторык, навуковец-урбаніст Томас Бон у кнізе «„Менскі фэномэн“. Гарадзкое плянаваньне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасьля Другой сусьветнай вайны». Уласна, тэрмін прыдумаў менскі географ Спартак Польскі ў сярэдзіне 1970-х. Ён і сфармуляваў дэмаграфічную асаблівасьць гораду.

Менск рос хутчэй за буйныя гарады як Эўропы, так і Савецкага Саюзу. Тады сталіца не спраўлялася з адаптацыяй насельніцтва, што прыяжджала сюды зь вёсак. Адбывалася «асяляньваньне» гораду і страта гарадзкой культуры.

Архітэктары ў майстэрні Белгдзяржпроекта абмяркоўваюць новую сэрыю 3-ОПБ. 1973 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

У другім прачытаньні я кажу пра «менскі фэномен» як пра архітэктурную зьяву. Гэта пра тое, як з тыпавых элемэнтаў можна ствараць унікальныя ансамблі, выкарыстоўваючы ўвесь культурна-палітычны апарат. У 1983 годзе Менск быў эпіцэнтрам тыпавога будаўніцтва ў Савецкім Саюзе. Архітэктура і ўрбанізм тады былі аднымі з самых эфэктыўных інструмэнтаў, стваралі адчуваньне грамадзкай еднасьці на ўсім абшары СССР, а пазьней спрыялі яго развалу.

«Як разбураўся Менск»

— Што азначае канцэпцыя «шасьці станаў мадэрнізму»?

— Пабудова новай краіны суправаджалася разбурэньнем прагрэсіўнай мінуўшчыны. Хаця Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі ў гэтым сэнсе ціхая гавань, тут разбураюць, калечаць, хаваюць ад вачэй вялікія ўзоры савецкага мадэрнізму. Астатнія зь іх пакідаюць пад заўсёднай пагрозай стаць ахвярай рэканструкцыі або інтарэсаў інвэстараў. Добрыя намеры не заўжды вядуць да станоўчых вынікаў. Нямала будынкаў гібее, занядбана. Альтэрнатывы гэтаму не відаць. І толькі нешматлікія здолелі выйсьці на новы ўзровень і карыстаюцца належным прызнаньнем. Таму я зрабіў два стэнды з архіўнымі фатаздымкамі, дзе паказана ўся палітра станаў мадэрнізму ў Беларусі.

Першы стан — поўнае зьнішчэньне. Такіх будынкаў у нас ня так шмат: напрыклад, ВДНГ, «Журавінка».

Выставачны павільён ВДНХ, 1970 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Другі — калецтва, калі рэканструкцыя адбывалася са зьменай сэнсу. Будынак яшчэ пазнаецца, але пасьля рэканструкцыі архітэктурны пасыл яго ўжо іншы.

Трэці — інкапсуляцыя, альбо «тэрмафутраваньне». Вельмі характэрны для Беларусі стан. Гэта тое, як сучасныя рэканструктары спрабуюць зрабіць нешта новае і пры гэтым захоўваюць задуму архітэктара. Такіх будынкаў у Менску шмат.

Чацьвёрты стан — аб’екты пад пагрозай. Туды ўваходзіць і Сляпянская водная сыстэма.​

Сляпянская водная сістэма. Архітэктары: М.Жлоба, Б. Юрцін, Л.Жлоба, В.Шыльнікоўская, Л.Белякова, Д. Герашчанка. 1984 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Пяты — прымальныя абʼекты мадэрнізму. Часта гэта тыя абʼекты, якія дорага чапаць, імі можна карыстацца і так. Напрыклад, бібліятэка ў Чыжоўцы. Кінатэатар «Дружба» зьнесьлі, а бібліятэка побач засталася.

Шостае — гэта прызнаныя будынкі, якія ўжо нават сталі помнікамі архітэктуры, як гэта ні дзіўна. Зь Менгарвыканкамам і кінатэатрам «Піянэр» ужо нічога не павінна здарыцца.

Кінатэатр «Піянэр». 1965 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

«Галоўная асаблівасьць менскай тыповай забудовы — якасьць будоўлі»

— Чым быў унікальны Менск у ХХ стагодзьдзі?

— Да ХХ стагодзьдзя Менск ніяк ня мог вылучыцца. Гэта быў звычайны правінцыйны горад Расейскай імпэрыі, якіх было даволі шмат. І да Другой сусьветнай вайны ўжо ў складзе Савецкага Саюзу Менск быў невялікім цэнтрам. І толькі пасьля вайны ўсё стрэліла.

Асноўнае будаўніцтва гораду прыпала на пасьляваенны пэрыяд. У першы год было цяжка, бо не было грошай. Спачатку будавалі толькі праспэкт. А калі ў горад хлынула шмат людзей, іх трэба было ўсіх кудысьці засяліць. І вось тады Менск стаў унікальным.

Палац воднага спорту. 1967 г. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі

З пункту гледжаньня архітэктуры шматкватэрныя дамы Менску мала чым адрозьніваюцца ад аналягаў у іншых гарадах. Галоўная асаблівасьць менскай забудовы — найвышэйшая ва ўсім СССР якасьць будоўлі. У разьвіцьцё тыпавога будаўніцтва ўкладаліся вялікія грошы. Асобныя архітэктурныя ансамблі 60-70-х гадоў маюць свой вобраз. Пераломным момантам стала будаўніцтва Усходу-1. Сярод адметных праектаў яшчэ можна назваць Зялёны Луг-5, Зялёны Луг-6, Зялёны Луг-7, Паўднёвы Захад, Сярова-1.

«Менскі фэномэн» быў прадуктам не ўнікальнага супрацоўніцтва паміж архітэктарамі, будаўнікамі і ўладамі, а ўсё ж такі вынікам свавольных задумаў асобных крутых архітэктараў. Гэта стала відавочна падчас працы з матэрыялам, які мы зьбіралі разам з Таісіяй Мухо.

«Фактычна ў нас ідзе рэіндустрыялізацыя»

— Вы кажаце, што «менскі фэномэн» паўтараецца.

— Так, у пэўным сэнсе ідзе новая хваля «менскага фэномэну». Гісторыя схільная паўтарацца. Беларуская дзяржава надзвычай захапілася тыпавым будаўніцтвам.

Фактычна ў нас ідзе рэіндустрыалізацыя. Мы робім усё, нібы наноў, але ўжо самастойна. Калі глядзець на Савецкі Саюз як на праект, які пераймаў дасягненьні заходняга сьвету, то цяпер мы ўжо пераймаем дасягненьні савецкага часу ў архітэктуры. Праходзім індустрыялізацыю другі раз.

Прытрымліваючыся гэтай лёгікі, калі мы змаглі зрабіць «менскі фэномэн» тады, то што перашкаджае нам зрабіць гэта цяпер? Напрыклад, тое, што робяць у Новай Баравой, глядзіцца вельмі нядрэнна. Хоць у Маскве гэта зрабілі на пяць гадоў раней, але Менск жа таксама не рабіў усё хутчэй за іншых. Ён проста рабіў гэта лепш. Зразумела, гэта ў значнай ступені надумана, але ж хто ведае...

Супрацоўнікі Менспраекту абмяркоўваюць праект забудовы Малінаўка-4. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

— Якія ў беларусаў архітэктурныя комплексы?

— Чаму мы едзем у Вэнэцыю, Нью-Ёрк, Маскву? Гэта заўсёды суправаджаецца пошукамі чагосьці ўнікальнага. У Беларусі мы ствараем гісторыю такім чынам, нібы хочам даказаць сабе, што мы частка Эўропы. Працягваем аднаўляць тыя помнікі архітэктуры, якія зьвязваюць нас з эўрапейскасьцю.

Аднак, каб быць Эўропай, ня трэба суадносіць сябе з гісторыяй Эўропы ХIV або XVI стагодзьдзя. Гэта відавочна. Людзі з Эўропы не паедуць глядзець на дрэнную вэрсію Эўропы, калі ў іх ёсьць гэтая самая Эўропа. Калі табе патрэбны барочныя царквы, ты паедзеш у Нямеччыну ці ў Італію.

Нам трэба пастаянна задаваць сабе пытаньне: для каго мы гэта будуем? Для сябе або для іншых? Важнае само пытаньне. Гэта тыя комплексы, з якімі мы працягваем жыць. Калі мы рэканструюем ратушу, мы робім гэта, бо нам сапраўды патрэбна гэтая ратуша, або для таго, каб паказаць, што мы эўрапейскі горад?

Дзяржаўны тэатр музычнай камэдыіі СССР. 1980 г. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі

Кінатэатр «Салют». 1978 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Палац піянераў і школьнікаў у Менску. 1986 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Архітэктурны і інжынерна-будаўнічы факультэты Беларускага політэхнічнага інстытута. 1982 г. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў