Шые з крапівы і для жанчын plus size. Дызайнэрка пра тое, як канкураваць з «сэкандамі» і масмаркетам

Як дызайнэрка зь Віцебску працуе з натуральнымі тканінамі і «вялікімі» мадэлямі.

Брэнду адзеньня Irina Yurchenko пяць гадоў. Сёлета віцебская дызайнэрка пачала шыць для жанчын зь вялікімі памерамі, стварыла экалягічную калекцыю і адкрыла для шыцьця крапіву. Ірына Юрчанка расказала Свабодзе пра пошукі натуральных тканінаў і патлумачыла модныя лякальныя трэнды.

«Мы на выставе ў Маскве даведваемся пра дасягненьні аршанскага льнокамбінату»

Ірына трымае дызайн-студыю ў цэнтры Віцебску. Шые больш за 15 гадоў. Уласны брэнд заснавала ў 2014-м. Аддае перавагу рамантычным вобразам і натуральным тканінам.

Ірына Юрчанка

«Я вельмі люблю натуральнае. У першую чаргу прапагандую наш беларускі лён». Ірына набывае тканіну на аршанскім ільнокамбінаце: «На жаль, лён, які прадаецца ў Беларусі, і той, што вывозяць расіяне з Воршы, моцна адрозьніваецца. На экспарт ідзе роўная, чыстая тканіна бяз браку. Мы на выставе ў Маскве даведваемся пра дасягненьні аршанскага льнокамбінату, бо ў Беларусі такога ня ўбачыш».

Паводле Ірыны, на ўнутраны рынак часьцей за ўсё трапляе лён другога гатунку.

«Калі зь яго адразу нешта пашыць, гэты другі гатунак моцна рэжа вока. Мы папярэдне аддаём тканіну на энзімнае мыцьцё, і пасьля яна больш не дае ўсадкі. Другарадны лён набывае мяккасьць, вырабы з яго — шурпатасьць, абʼём і эўрапейскі выгляд».

«Хацелася б, каб ільнокамбінат больш на свой рынак працаваў. Аднак ім выгадней з буйнымі заказчыкамі працаваць, чым з намі, хто набывае некалькі сувояў»

«У нас яшчэ трымаецца погляд, што поўным мадэлям ня месца на подыюме»

Першапачаткова адзеньне пад брэндам Irina Yurchenko шылася на стройныя фігуры. Сёлета лінейка мадэляў вырасла да 62-га памеру.

«Маленькага памеру адзеньня вельмі шмат, — кажа Ірына. — Вялікім жанчынам складаней знайсьці прыгожыя дызайнэрскія ўборы. Вытворцы часьцей за ўсё спыняюцца на 54-м памеры.

Мадэль у вопратцы ад Ірыны Юрчанкі

Ірына стварае вобразы на манэкене якраз 54-га памеру.

«Поўных жанчын не заўсёды адчуваеш на паперы. Хочацца паспрабаваць гэтую форму, і тады прыходзіш да нейкага рашэньня, — пакуль мы гутарым, Ірына накідвае на манэкен адрэз тканіны. — У летняй калекцыі такую блюзку мы рабілі з ільну. Цяпер — з бавоўны, каб яе можна было насіць і увосень, і ўзімку».

На думку Ірыны, у Беларусі вельмі шмат прыгожых поўных жанчын, якія любяць густоўна апранацца.

«Толькі ня ўсе хочуць быць у мяне мадэлямі, — усьміхаецца дызайнэрка. — На паказы зьбіраю жанчын па ўсёй Беларусі. Цяпер па сьвеце крочыць боды-пазытыў. У нас жа яшчэ трымаецца погляд, што поўным мадэлям ня месца на подыюме».


«У Беларусі знайшлі крапіву і каноплі. Удалося купіць толькі крапіву»

Лінія вялікіх памераў мае назву Aster by Irina Yurchenko. Калекцыю прэзэнтавалі на некалькіх выстаўках-продажах у Менску. У канцы сьнежня вялікія памеры плянуюць паехаць у Рыгу. Праект адразу задумваўся як экалягічны.

«З крапівой мы пачалі працаваць зь сёлетняй вясны, калі рабілі першую калекцыю фармату plus size, — тлумачыць дызайнэр. — Шукалі менавіта экатканіны — з крапівы, канопляў, бамбуку. У Беларусі знайшлі з крапівы і канопляў. Удалося купіць толькі з крапівы».

Крапіўная тканіна расейскага вытворцы аказалася даволі грубай, вонкава вельмі падобнай да лёну. Каб была адчувальная розьніца, Ірына аддала перавагу эўрапейскаму вытворцу. Крапіву гатунку «рамі» ў Італіі зьбіраюць уручную.

«Італьянская крапіва тонкая і далікатная, — паказвае рэшткі летняй калекцыі Ірына. — Яна трошкі колецца, але пасьля энзімнага мыцьця робіцца мяккай і падатліваю да шыцьця».

З крапівы ў калекцыі пашытыя выключна блузы. Сукенкі, якія патрабуюць дзьве столкі тканіны, атрымліваюцца занадта дарагімі. Штаны выглядалі занадта пакамечанымі.

«Гэта 100% крапіва. Яна моцна камечыцца. Я заўсёды кажу, пакамечанае — значыць натуральнае. У адваротным выпадку нешта прымешана да натуральных валокнаў».

Мадэль у блузе з крапівы ад Ірыны Юрчанкі

У лекавыя ўласьцівасьці крапівы пасьля шматлікіх апрацовак Ірына ня верыць. Затое рэчы зь яе выдатна ратуюць ад сьпёкі. На думку дызайнэркі, тканіна хутка стане папулярнай. Пакуль ад папулярнасьці стрымліваюць цэны. Мэтар крапіўнай тканіны ў раздроб каштуе 40-60 рублёў.

«20 сантымэтраў шоўку робіць выраб даражэйшым на 15-20 рублёў»

Найдаражэйшая тканіна, зь якой працуе Ірына, — натуральны шоўк. Яна мае прарысаваную шаўковую калекцыю, выхад якой стрымлівае цана матэрыялу. Да гэтай пары шоўк выкарыстоўваецца эпізадычна.

«У Беларусі ёсьць людзі, якія могуць дазволіць сабе выраб з натуральнага шоўку, — упэўненая Ірына. — Але пакуль іх вельмі мала. Мы аздаблялі блузы шаўковай стужкай. 20 сантымэтраў шоўку робяць выраб даражэйшым на 15-20 рублёў».

«Не зусім гэта лягічна — шыць рэчы з карэйскіх ці кітайскіх тканінаў у Беларусі і везьці іх у Эўропу»

Ірына выпускае некалькi калекцый на год. Улічваючы лякацыю і клімат — з абласных гарадоў у Віцебску адзначаюць самыя нізкія тэмпэратуры — найбольш запатрабаванымі сярод віцяблянаў застаюцца цёплыя рэчы.

«Суконныя жакеты тут можна насіць круглы год, — кажа Ірына. — Заўжды запатрабаваныя цёплыя сукенкі з кішэнямі. Адпаведна, цёплым адзеньнем магчыма гандляваць зь верасьня па травень. Калі летнюю калекцыю не прадасі ў чэрвені, у ліпені мусіш аддаваць са зьніжкамі.

Мадэль у вопратцы ад Ірыны Юрчанкі

Пошук цёплых натуральных тканінаў выклікае найвялікшыя складанасьці.

«Калі мы шылі восеньскую экакалекцыю, і паўстала пытаньне, з чаго. На камвольным камбінаце для нас тады варыянтаў не было. Давялося набыць карэйскі аналяг з больш-менш добрым саставам, — расказвае Ірына. — На выставе лёгкай прамысловасьці ў Менску я ўбачыла добрыя суконныя тканіны, якія зьявіліся на камбінаце. Цяпер хачу паехаць туды, каб уласнаручна памацаць. Спадзяюся, яны будуць у продажы».


Ірына адзначае, што больш ахвотна працавала б зь беларускімі тканінамі.

«У кожнага дызайнэра мара прадавацца дзесьці за мяжою. І не зусім гэта лягічна — шыць рэчы з карэйскіх ці кітайскіх тканінаў у Беларусі і везьці іх у Эўропу».

Аднак набыць патрэбны матэрыял досыць складана. Па словах суразмоўцы, з тканінамі ў Беларусі вялікая праблема — і з айчыннымі, і замежнай вытворчасьці. Беларускія досыць рэдка бываюць у патрэбнай колькасьці ці патрэбным артыкуле на прадпрыемстве. Пастаўшчыкі імпартных тканінаў таксама маюць вельмі падобны асартымэнт і не заўжды выгадныя ўмовы для супрацоўніцтва.

«Калі б я была буйным вытворцам, магла б замаўляць матэрыял без пасярэднікаў з Кітаю ці Італіі. Але мы вымушаныя купляць у Беларусі, і колькасьць пастаўшчыкоў, якія працуюць з дробнымі прадпрыемствамі, абмежаваная», — кажа дызайнэрка.

«Многія наракаюць, што дорага»

Большасьць кліентаў Ірыны віцябляне, якія маюць заробак, вышэйшы за сярэдні.

«Калі мы ставім цану на сукенку 130 рублёў, многія наракаюць, што дорага, — кажа Ірына. — Я разумею, зь беларускімі заробкамі набыць такую рэч не заўсёды магчыма. Але адзеньне масавай вытворчасьці каштуе тыя ж 120–140 рублёў. На прадпрыемстве шыецца сто, тысяча экзэмпляраў на патоку, а ў мяне — 3-5 адзінак. Адпаведна, зусім іншыя выдаткі. У тым ліку па часе. Умоўна на масавым прадпрыемстве паліто шыецца 3-4 гадзіны, індывідуальна — тыдзень-два. Мы вымушаныя ўтрымліваць цэны хаця б на ўзроўні масмаркету».

Дызайнэрка адзначае, што прыйшоў час хуткай моды і таннага адзеньня. Стаўленьне да вопраткі прынцыпова зьмяніліся.

«Мая бабуля ўспамінала, у чым яна на танцы хадзіла, на першае спатканьне. Вырабы насілі па дзесяць гадоў, пасьля перашывалі. Цяпер спытайце ў мяне, у чым я была ўчора? Я ўжо і ня памятаю. Мы настолькі зьмяняем адзеньне, што яно перастала быць для нас каштоўным».

«Крамы сэканд-хэнду на цэнтральных вуліцах — хіба ня ганьба для гораду?»

У Віцебску няма крамаў папулярных усясьветных брэндаў масмаркету. Многія гараджане едуць па адзеньне ў суседні Смаленск. Затое, як сьведчыць неафіцыйная статыстыка, у Віцебску найбольшая канцэнтрацыя крамаў ужыванага адзеньня на душу насельніцтва. Гэта дзясяткі пунктаў буйных гандлёвых сетак і дробных прадпрымальнікаў.

«Я не адмаўляю сэканд-хэнду, — камэнтуе Ірына. — Такія крамы мусяць быць, бо ў людзей рознае стаўленьне да адзеньня. У мяне больш пытаньняў да дзяржаўнай палітыкі, якая дазваляе гандляваць ужываным адзеньнем паўсюдна па горадзе. Крамы сэканд-хэнду на цэнтральных вуліцах — хіба ня ганьба для гораду?»

Пра лякацыю дызайнэрскіх студый і шоў-румаў у Віцебску абазнаныя збольшага кліенты. Офісны будынак, дзе Ірына здымае памяшканьне, схаваны сярод жылой і адміністрацыйнай забудовы. Тут дызайнэрка захоўвае адшытыя калекцыі, прымае індывідуальныя замовы і шые.

«Знайсьці зручную студыю ў Віцебску няпроста. Не ў апошнюю чаргу з прычыны высокай арэнды. Нават на тыя памяшканьні, якія патрабуюць рамонту. Здаецца, уласьнікам прасьцей не здаваць увогуле, чым зьніжаць цэны».

Сёньня Ірына шукае большае памяшканьне для невялікага прадпрыемства, каб сваімі сіламі адшываць аўтарскія калекцыі і працягваць займацца індывідуальнымі замовамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Безь дзяржавы. Як «кнопкавы магнат Бабруйску» адкрыў атэлье на колах. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Віцебску ствараюць творчыя асяродкі ў былых прамысловых будынках. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пахваліўся, што ягоны падарунак прымусіў «ахаць і вохкаць» жонку Трампа