Нобэлеўскую прэмію міру 2019 году атрымаў прэм’ер-міністар Этыёпіі «за ягоныя намаганьні дасягнуць міру і міжнароднага супрацоўніцтва, і ў прыватнасьці за ягоную рашучую ініцыятыву ўрэгуляваць памежны канфлікт з суседняй Эрытрэяй».
Пра гэта 11 кастрычніка заявіў Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт у Осла.
Збройны канфлікт паміж Эрытрэяй і Этыёпіяй трывае ад 1998 году. Паводле ацэнак міжнародных назіральнікаў, ахвярамі канфлікту сталі каля 60 тысяч этыёпаў і 40 тысяч эрытрэйцаў.
8 ліпеня 2018 году прэм’ер-міністар Этыёпіі Абій Ахмэд Алі і прэзыдэнт Эрытрэі Ісаяс Афэворкі падпісалі дэклярацыю аб міры і дружбе, у якой абвяшчалася аб спыненьні стану вайны паміж дзьвюма краінамі, а таксама заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць у шэрагу сфэраў.
Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца Нарвэскім Нобэлеўскім камітэтам, склад якога прызначае парлямэнт Нарвэгіі. Прэмію міру, у адрозьненьне ад іншых нобэлеўскіх прэмій, могуць атрымліваць ня толькі асобы, але і арганізацыі. У 1901—2018 гг. прэмію прысуджалі 99 разоў 130 ляўрэатам (106 чалавек, 27 арганізацый).
Паводле тастамэнту Альфрэда Нобэля, прэмію прысуджаецца таму, «хто дабіўся найбольшых посьпехаў, альбо таму, хто зрабіў больш за іншых у справе згуртаваньня народаў і скарачэньня колькасьці дзейных армій, а таксама за правядзеньне мірных кангрэсаў і прыцягненьне да іх увагі».
Сёлета на прэмію міру прэтэндавалі 223 асобы і 78 арганізацый.
Летась Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі праваабаронца з Іраку Надыя Мурад і лекар з Конга Дэніс Муквэге за барацьбу з сэксуальным гвалтам у ваенных канфліктах.