Зноў «нізкі мастацкі ўзровень»: цяпер у Беларусі забаранілі омскіх рэпэраў. ВІДЭА

Кадар з кліпу «Земляне»

Расейскі рэп-гурт «Грот» заявіў, што ня зможа выступіць у Менску праз забарону, прычына якой — «нізкі мастацкі ўзровень».

Гурт адзначае, што ўжо выступаў у Менску, у тым ліку зь песьнямі зь нецэнзурнымі тэкстамі. Цяпер жа, калі тэксты сталі больш прыстойнымі, атрымаў забарону. Музыкі спадзяюцца, што змогуць выступіць, калі «бюракратычнае памутненьне адступіць».

«Грот» выступае з 2009 году — спачатку багата сьпявалі пра здаровы лад жыцьця, пасьля перайшлі на філязофскія тэмы. Выдалі чатыры паўнафарматныя альбомы, 10 міні-альбомаў і паўтара дзясятка кліпаў.

У Беларусі неаднаразова забаранялі выступы і мясцовых, і замежных артыстаў празь «нізкі мастацкі ўзровень», які вызначаюць выканкамы. Пад забарону траплялі і менская «Крама», і паўднёваафрыканскі Die Antwoord.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+