Мастак прыняў віягру і прымацаваў на чэлес шыльду «Міністэрства культуры». Навошта?

Трэцяга кастрычніка мастак Аляксей Кузьміч правёў акцыю «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры». Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».

Акцыя накіраваная супраць цэнзуры, зь якой мастак сутыкнуўся, рыхтуючы сваю інсталяцыю ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ). Цяпер інсталяцыю пагражаюць зьняць.

«Мне сказалі: „Рабі што хочаш, акрамя фаласа“, і я ня мог не ўчапіцца за гэтую магчымасьць, пачуўшы такое з афіцыйнай установы, — сьмяецца Аляксей. — Бутафорская таблічка, зробленая з кардону ў бліжэйшай тыпаграфіі, наклееная, пафарбаваная. „Віягра“ набытая папярэдне. Усё трымаецца на „месцы сілы“, шчыт Міністэрства культуры закрывае яго і нікому не паказвае. Гэта мэтафара таго, што сіла мастака схаваная, ён не свабодны, ён не пратэставы, ён згодны, ён зручны — тут зручныя мастакі (паказвае на будынак НЦСМ. — РС). Я вось стаў для іх нязручны».

Падчас імпрэзы 3 кастрычніка намесьніца дырэктара НЦСМ Алеся Аляксандраўна Іназемцава паспрабавала «ўзаконіць акцыю», падзякаваўшы Аляксею за пэрформанс. Але мастак выкрыкнуў, што гэта не заплянаваны пэрформанс, а акцыя супраць цэнзуры ў сучасным мастацтве.

Пра вострую рэакцыю самога міністра культуры і магчымую забарону выставы Аляксей даведаўся адразу пасьля яе — інсайдэрскіх крыніц пакуль не называе. Афіцыйна да яго ніхто не зьвяртаўся.

«Міністэрства культуры ўвогуле адмаўляе, што ведае нешта пра акцыю. Хаця ў мяне інфармацыя, што сам асабіста міністар культуры разьюшаны і паглядзеў гэтую акцыю ў чацьвер раніцай ужо».

Кузьміч запэўнівае: ён не хацеў нікога абразіць, проста мастацтва трэба ўмець правільна счытваць, а не разумець у лоб. Прынамсі, профільным культурніцкім інстытуцыям.

«Міністэрства культуры выступае як нейкі ідэалягічны ачаг, — разважае Кузьміч. — Дзядзі і цёці ў пінжаках кажуць гледачу, мастаку, якое мастацтва трэба глядзець, як яго разумець, а самі яны не валодаюць гэтай інфармацыяй».

Рыхтуючы выставу, мастак мусіў зьняць некаторыя працы і адрэдагаваць тэксты, прыбраўшы зь іх выказваньні на тэму ідэалёгіі, палітыкі і рэлігіі, а таксама лаянку. Перад адкрыцьцём выставы некаторыя тэксты НЦСМ проста замяніў на свае, не ўзгадняючы з мастаком.

«Я казаў: „Давайце павесім таблічку „18+“, бо нецэнзурныя выразы складаюць істотную частку майго выказваньня“. І ў іх такая практыка бывала, але яны не дазволілі. Адну з прац, „Постфілязофія“, прымусілі перавярнуць: там слова з трох літар, толькі сярэдняй літары няма, там чорны квадрат замест яе і цьвікі як шматкроп’е: паміж гэтых літар — уся філязофія сучасная. І яны сказалі: „Перавярні, каб не чыталася“».

Інсталяцыя Кузьміча «540» — частка выставы «Прысутнасьць», якая складаецца з выказваньняў пяці мастакоў пра розныя праявы крызісу сучаснага сьвету. Гэта першая экспазыцыя мастака ў дзяржаўнай установе. Раней ён браў удзел у «Восеньскім салёне» і «Арт-Мінску» (штогадовыя выставы беларускіх мастакоў пры падтрымцы «Белгазпрамбанка». — РС). Аляксей кажа, што ўдзельнічае ў гэтых мерапрыемствах, каб асабіста дасьледаваць працэсы, якія адбываюцца ўнутры. Мастакоў там не знайшоў — толькі прыстасаванцаў, якія ствараюць «касмэтыку» для бізнэсу і ідэалёгіі.

«Паглядзіце на мастацтва, якое цяпер адбываецца ў Беларусі, — кажа Кузьміч. — Усе спрабуюць працаваць у полі нейкіх абмежаваньняў, незалежна ад таго, дзяржаўны гэта сэктар ці прыватны. Усе сябе цэнзуруюць».

Падчас размовы з Аляксеем у калідоры НЦСМ да яго падышоў юрысконсульт НЦСМ і перадаў просьбу дырэктара пакінуць установу.

«Відаць, выстава больш ня будзе вісець, калі так кажуць. Хутчэй за ўсё, здымуць», — мяркуе мастак

Аляксей — сын знакамітага беларускага мастака Аляксея Кузьміча. Ён кажа, што бацьку таксама цэнзуравалі ў савецкія часы за аголенае цела на палотнах.

Аляксей Кузьміч перад будынкам НЦСМ

«Яму ж далі задарма плошчу. І от табе, такая ўдзячнасьць!»

Начальнік галоўнага ўпраўленьня дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга сказала карэспандэнту Свабоды, што ня будзе камэнтаваць акцыю Кузьміча.

«Вам трэба зьвяртацца ў Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў, яны зьяўляліся арганізатарамі гэтай выставы. На жаль, я вам нічога пракамэнтаваць не магу», — сказала Ірына Дрыга.

«Калі б у яго быў талент яго бацькі-мастака, які мастацкімі сродкамі рабіў сабе кар’еру, не было б ніякіх пытаньняў. А па-другое, чалавек як сьвіньня, іншага слова не магу знайсьці, — кажа Свабодзе дырэктар Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Крыштаповіч. — Я быў у камандзіроўцы, мяне не было ў Беларусі. Яму далі магчымасьць, усім дапамаглі, і маніторы падключылі, каб ён мог зьдзейсьніць свой праект. Хто ж думаў, што чалавек будзе рабіць такую акцыю? Міністэрства культуры ідзе насустрач нам, дапамагае. „Кепскае“ міністэрства, якое не дало магчымасьці Кузьмічу быць вольным ад самацэнзуры. Цэнзуры, у маім разуменьні, няма. Павінна быць самацэнзура кожнага мастака — можна альбо гэта забаронена з гледзішча чалавечага».

Сяргей Крыштаповіч мяркуе, што за такую акцыю ў мэтро мастак быў бы пакараны.

«Гэта хамства, і гэтага чалавека я нават ня ведаю. Мяне гэта абурыла, і брыдка за тое, што ён зрабіў. Апроч таго, што ён ня мае чалавечага сумленьня, ён яшчэ і нахабны. Учынак як мінімум хуліганскі. Гэта проста танны фарс, і новага тут няма. Уся Эўропа захлынулася менавіта ў гэтых акцыях пратэсту. Ну чым ты зьдзівіў?»

Сяргей Крыштаповіч кіруе цэнтрам паўтара года. Кажа, што наўрад ці ў Міністэрстве культуры будуць задаволеныя такой акцыяй, бо «гэта абраза міністэрства, годнасьці краіны».

«З гэтага ж цяпер будуць разьдзьмухваць фарс. Яму далі магчымасьць выказацца, імя бацькі працуе, бацька быў цудоўны чалавек і мастак. Ніхто ніякай цэнзуры не ўчыніў. Усё, што было адабрана куратарам, засталося вісець, уся экспазыцыя застаецца. Яму ж далі задарма плошчу. І от табе, такая ўдзячнасьць! Ні разу не было ніякага ўціску. Я раблю выставы і не ўзгадняю іх зь міністэрствам. Гэта проста паклёп!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэат Гедройця Ільля Сін — пра місію літаратуры, Каліноўскага і Грэту Тунбэрг
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларус стварае інсталяцыі ў Даніі. Іх набываюць найбуйнейшыя фонды сучаснага мастацтва. ФОТА