Урну з попелам лідэра руху за незалежнасьць Індыі Магатмы Гандзі выкралі з мэмарыялу ў цэнтральным штаце краіны. На фатаздымках палітыка зьявіліся надпісы «здраднік». Гэта адбылося ў дзень яго 150-годзьдзя 2 кастрычніка, паведамляе выданьне The Wire.
Гандзі быў забіты ў студзені 1948 году, яго парэшткі былі спаленыя, а попел, насуперак індуісцкай традыцыі, падзелены на некалькі частак, адна з якіх захоўвалася ў мэмарыяле ў штаце Мадг’я-Прадэш. Крадзеж і вандалізм выявіў у 11 гадзін вечара дазорца мэмарыялу, які прыйшоў зачыніць яго брамы. Выкрадальнікаў шукае паліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Негвалтоўны супраціў» Гандзі — тое, што і беларускае «Абы не было вайны»?Гандзі ўзначальваў негвалтоўны супраціў брытанскай каляніяльнай адміністрацыі, натхніўшы сваім прыкладам падобныя рухі ўва ўсім сьвеце. Многія індыйцы лічаць яго бацькам нацыі, пры ім краіна атрымала незалежнасьць у 1947 годзе.
У той жа час палітыка крытыкуюць радыкальныя індуісты за заклік да кампрамісаў з мусульманскім насельніцтвам краіны, яны ўскладаюць на яго адказнасьць за падзел Брытанскай Індыі на Індыю і Пакістан.