«Мы не баімся гэтай падзеі». У маладэчанскім тэатры паставілі п’есу аб прастытутках

Прэм’ера спэктакля «Дзеўкі» у Менскім абласным драматычным тэатары ў Маладэчне.

Менскі абласны драматычны тэатар сёлета сьвяткуе 29-годзьдзе. Cэзон пачалі з прэм’еры спэктакля «Дзеўкі» па аднайменнай п’есе сучаснага беларускага драматурга Зьмітра Багаслаўскага.

Выбар атрымаўся досыць правакацыйным, бо на сцэне тэатра паўтары гадзіны сябруюць, п’юць і б’юцца пяць прастытутак.

«Сёньня ў нас падзея неардынарная для нашага гораду, для нашага тэатру, — такімі словамі сустракае гледачоў дырэктар Менскага абласнога драматычнага тэатру (МАДТ) Юры Крывенькі. — Але мы не баімся гэтай падзеі, мы гатовыя да добрага і жорсткага абмеркаваньня — калі ласка, давайце абмяркуем наш спэктакль».

Дырэктар тэатра Юры Крывенькі (зьлева)

Канапа, валізкі і калготкі ў сетку

Сцэнаграфія простая: пажаўцелая канапа і валізы. Канапа, натуральна, архетып сярод канапаў: такую заўжды сустрэнеш у самай таннай здымнай кватэры ці на сырой дачы, уявіць яе на дотык можна нават з апошняга шэрагу. Чамаданы тут паўсюль: з валізкай прыяжджае галоўная гераіня, валізкі служаць шафамі ў кватэры, дзе жывуць дзеўкі; яны — гэта мінулае ў родных гарадках, гэта нестабільнасьць сёньняшняга дня, гэта спадзевы на лепшае ў будучыні. Але найперш усё ж мінулае, якое трымае і не дае ўзьляцець, як груз на вяроўцы геліеваму шарыку.

«Дзеўкі» — першая прафэсійная пастаноўка актора і рэжысэра Данііла Обухава: сам зь Віцебску, ён пасьпяхова скончыў рэжысэрскі факультэт Расейскага інстытуту тэатральнага мастацтва (ГИТИС). Рыхтавацца да паступленьня яму дапамагаў мастацкі кіраўнік МАДТ Валеры Данілавіч Анісенка, ён жа дапамог і з дэбютным паказам.

З п’есай Данііла калісьці пазнаёміла ягоная маці-акторка. Нягледзячы на тое, што яна напісаная ў 2013 годзе, на думку рэжысэра, актуальнасьці п’еса ня страціла, а наадварот: сучаснае грамадзтва яшчэ мусіць да яе дарасьці. Уласна, тэма прастытуцыі застаецца ганебным табу на ўсёй постсавецкай тэрыторыі.

А дзе невядомае, там стэрэатыпы. «Дзеўкі» носяць калготкі ў сетку, высачэзныя абцасы, кароткія скураныя шорты, ружовае і чырвонае. Вылучаецца толькі пратаганістка Насьця — клясычная «замухрышка». Нечакана, што акрамя шампанскага, дзяўчаты любяць гарэлку: гэтая любоў закладзеная аўтарам п’есы і нешта гаворыць пра тое, што «дзеўкам» хутчэй горка, чым соладка.

«Мне здаецца, гэта такая крышачку чэхаўская гісторыя — туга па лепшым жыцьці»

«Дзеўкі» жывуць у адной кватэры, вучацца ў адным унівэрсытэце, а па начох працуюць прастытуткамі. Не па ўласным жаданьні, а дзеля грошай, якіх так усім бракуе ў краіне паўсюднай беднаты. Хтосьці перадае грошы маці, хтосьці ледзьве наскрабае на вучобу, хтосьці проста хоча асабістай незалежнасьці. А хтосьці ня хоча грошай, а хоча вярнуцца дадому ў маленькі горад і быць цырульніцай — і гэта, бадай, самая шчырая думка ў гэтым спэктаклі.

Увогуле, акурат унутраныя маналёгі гераінь, якія ўзьнікаюць цягам спэктакля сярод бясконцых звадак, мусяць прабіваць стэрэатыпнасьць і ствараць палатно цяжкіх жыцьцёвых абставін сучасных маладых дзяўчат «з рэгіёнаў». На жаль, счытаць гэта ў спэктаклі досыць цяжка, бо ўнутраных вобразаў у гераінь амаль няма, а эмоцыі, як гэта часта бывае, перадаюцца крыкам. Досыць нязграбна выглядаюць і спробы акторак размаўляць «па-калгаснаму». Крык як асноўны сродак камунікацыі не дазваляе адрозьніць важныя падзеі ў жыцьці гераінь ад шараговага абмеркаваньня таго, хто тут большая лярва.

Рэжысэр адзначае яшчэ адну праблему — «выміраньне» мужчын у ХХІ стагодзьдзі — і наўмысна не выводзіць на сцэну аднаго з мужчынскіх пэрсанажаў. Той зьяўляецца толькі ў размовах ягоных жонкі і палюбоўніцы і ў іхным жыцьці аніякага істотнага значэньня папраўдзе ня мае.

«Давайце на Трактарны завод пойдзем і даведаемся, ці зьмянілася стаўленьне да жанчыны»

Істотныя толькі іхныя мары пра надзейную і шчасьлівую будучыню: «Проста кіруй! Ты жанчына, табе падуладна ўсё!» — кажа Вольга, «мамка» дзяўчат. У канцы яна, ужо, здавалася б, знайшоўшы сваё шчасьце ў выглядзе аднаго забясьпечанага кліента, скажа яшчэ адну ключавую фразу. Зьбітая і згвалтаваная «сваім» Арсэнам, яна сядае «на дарожку» побач з астатнімі дзяўчатамі, таксама пабітымі і згвалтаванымі, кожная са сваёй трагедыяй, і абяцае: «На наступны год аніякіх мандарынаў на стале».

«Мне здаецца, гэта такая крышачку чэхаўская гісторыя — туга па лепшым жыцьці, — кажа Данііл. — Мне здаецца, найлепей яна праяўляецца не ў самім фінале п’есы, калі прыходзіць Вольга і кажа гэтую фразу, а акурат хацелася гэта неяк больш замаштабаваць, і таму зьявілася ідэя з маналёгамі».

Спэктакль сапраўды завяршаецца дакумэнтальнымі гісторыямі рэальных прастытутак: штосьці знайшлі ў інтэрнэце, штосьці распыталі ўжывую. Сумесь клясычнага пастановачнага тэатру з дакумэнтальным матэрыялам усё яшчэ досыць нячастая зьява на дзяржаўных беларускіх тэатральных пляцоўках, але зьява, безумоўна, карысная. Як і зварот да сучаснай беларускай драматургіі, якая дазваляе размаўляць з гледачом пра тое, што турбуе сёньня.

«Я пра гэты тэкст даўно ня думаў, — кажа драматург Зьміцер Багаслаўскі. — У мяне была адна ідэя, калі я пісаў, — мне хацелася паказаць жыцьцё такіх вось дзяўчат. А цяпер яна гучыць крыху шырэй, аб’ёмней. Гэта вось пра выбар для мяне зараз, атрымліваецца, на якую дарожачку стаць. І мне так жа балюча за жанчыну. Давайце праўдзе ў вочы глядзець, давайце на Трактарны завод пойдзем і даведаемся, ці зьмянілася стаўленьне. І тады мы скажам: не зьмянілася. Стаўленьне, мне здаецца, у нас расьце ад нейкіх такіх рэчаў, якія быццам бы ідуць ад нашых прапрадзедаў, але насамрэч так не было. Але пытаньне ў іншым. Трэба з гэтым нешта рабіць. Тэатар можа толькі размаўляць і задаваць пытаньні, ён ня мае права казаць: „гэта чорнае, гэта белае“. Толькі накіраваць, а там ужо чалавек сам павінен вырашаць».