Свабодны тэатар трансьлюе спэктакль памяці зьніклых палітыкаў

Ілюстрацыйнае фота. Спэктакль Свабоднага тэатру, 2017 год

Беларускі свабодны тэатар трансьлюе ўжывую спэктакль «Постигая любовь» памяці зьніклых палітыкаў Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара.

Спэктакль грунтуецца на дакумэнтальнай гісторыі Ірыны Красоўскай, жонкі зьніклага Анатоля Красоўскага.​

Свабодны тэатар прысьвяціў спэктакль Ганчару і Красоўскаму, іх семʼям, а таксама зьніклым бязь вестак па ўсім сьвеце.

16 верасьня 1999 году зьніклі бязь вестак беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.

Былы віцэ-прэм’ер і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар падрыхтаваў пакет дакумэнтаў, якія даказвалі, што Лукашэнка неаднаразова парушаў Канстытуцыю Беларусі і нават што ён займае пасаду прэзыдэнта незаконна.