Расея выдала беларуса, якога шукалі за буйное махлярства

Ілюстрацыйнае фота

Расейскія сілавікі выдалі беларускім калегам 52-гадовага грамадзяніна Беларусі Мурата Сапарава. Яго шукалі ў Беларусі з 2012 году за махлярства ў буйным памеры, піша пракуратура Масквы.

Чаму шукалі?

Беларускія праваахоўнікі шукалі Сапарава за зьдзяйсьненьне злачынстваў па 7 артыкулах крымінальнага кодэксу, сярод якіх:

  • замах на махлярства;
  • арганізацыя махлярства;
  • арганізацыя замаху на махлярства.

Сапарава затрымалі ў жніўні 2018 году ў Маскве, ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.

Крымінальнай справай займаецца Сьледчы камітэт па Менскай вобласьці.

Што зрабіў?

Паводле абвінавачваньня, Сапараў ў 2011 годзе, знаходзячыся ў Беларусі, разам зь іншымі асобамі праз падман і злоўжываньне даверам завалодаў 800 мяшкамі сухога малака масай 20 тонаў і агульным коштам 82 тысячы даляраў. Малако належала маскоўскай кампаніі «СЭБ „Правінцыял“». Мяхі з малаком даставілі ў Маскоўскую вобласьць, дзе саўдзельнікі распарадзіліся імі як лічылі патрэбным. Паводле пракуратуры Масквы, Сапараў спрабаваў завалодаць яшчэ 800 мяхамі малака, але ня змог.

Паводле сілавікоў, у 2011 годзе Сапараў таксама арганізаваў і прымаў удзел у дзейнасьці арганізаванай групы, якая займалася крадзяжом таварам у асабліва буйным памеры. Тавары мусілі адгружацца беларускімі вырабнікамі на адрас расейскіх і беларускіх субʼектаў гаспадараньня.

Група Сапарава шукала арганізацыі, якім была патрэбна грузаперавозка зь Беларусі ў Расею, атрымоўвала паўнамоцтвы на прыём тавараў і паведамляла кіроўцам іншае месца выгрузкі тавараў у Расеі. Такім чынам зламысьнікі скралі маёмасьць двух кампаній на больш за 543 мільёны недэнамінаваных рублёў і 7,3 мільёна расейскіх рублёў.

Таксама зламысьнікі спрабавалі завалодаць маёмасьцю камэрцыйных структур агульным коштам больш 1,5 мільярда недэнамінаваных беларускіх рублёў, аднак рэалізаваць гэта не атрымалася.