Археолягі адкрылі муры кляштара часоў ВКЛ сярод Браслаўскіх азёр

Браслаўшчына — адзін зь нешматлікіх рэгіёнаў краіны, дзе азёрныя астравы былі жылымі. На адным зь іх 500 год таму пасяліліся манахі. Сьпярша праваслаўны, а пазьней базыльянскі манастыр праіснаваў да пачатку XIX стагодзьдзя. Энтузіясты хочуць аднавіць яго з усімі збудаваньнямі і мостам.

У жніўні карэспандэнты Свабоды пабывалі на першых за 20 год археалягічных раскопках на востраве, які так і завецца — Манастыр.

Гэта адзін з 15 астравоў на возеры Несьпіш, што за чатыры кілямэтры на ўсход ад Браслава. Ад колішняй вёскі Манастыр засталося ўсяго некалькі дамоў. Цяпер найбліжэйшае да вострава паселішча — вёска Рубеж.

Манастыр — Археалягічны лягер разьбілі на беразе суседняга возера Поцех. Гэтае месца вызначыў нацыянальны парк, пад аховай якога — значная частка Браслаўскага Паазер’я.

Сярод удзельнікаў экспэдыцыі ёсьць прафэсійныя археолягі і валянтэры іншых прафэсій з розных гарадоў Беларусі.

Ад лягера да месца пераправы на Несьпішы 7 кілямэтраў. А дзявятай раніцы на беразе чакае Сьцяпан. Ён таксама валянтэр — на сваёй лодцы перавозіць на востраў наведнікаў.

«На суседнім востраве крыж стаяў, ведаеце?» — кажа Сьцяпан, вяслуючы. Ён мае на ўвазе меншы па плошчы востраў Сьвяты, колішні Ліпіна. Менавіта на ім, паводле паданьня, упершыню зьявіўся абраз Маці Божай. Там манахі паставілі крыж, а будынкі самога манастыра ўзьвялі на большым востраве.

Сьцяпан жыве ў Браславе. Апошнія сем гадоў вудзіў для мясцовага рыбнага прадпрыемства і добра ведае акваторыю тутэйшых азёраў. — «Добра, калі на востраве нешта будзе. Трэба дапамагаць. Гэта ж наша гісторыя».

Пераправа займае некалькі хвілін. Да ўсходняй часткі вострава пару сотняў мэтраў. Даводзіцца рабіць некалькі рэйсаў: адначасна лодка ўмяшчае ня больш за пяць чалавек. Штодзень на раскопе працуе каля дваццаці валянтэраў — склад экспэдыцыі зьмяняецца. Ня ўсе ўдзельнікі могуць дазволіць сабе правесьці на востраве два тыдні. Агулам на заклік арганізатараў адгукнуліся больш за 70 чалавек.

Сьцяпан плыве па траекторыі, дзе некалькі стагодзьдзяў таму быў перакінуты адзін з двух мастоў, што злучалі востраў зь вялікай зямлёй. Яго рэшткі знайшліся падчас падводных дасьледаваньняў у 90-я гады.

На Манастыры захоўваўся абраз Маці Божай Браслаўскай

Над сылюэтам Манастыра дзясяткі тысяч гадоў таму папрацаваў ледавік. Берагі зарастаюць трысьнягом, дрэвамі і хмызам. Кажуць, калісьці востраў быў абсаджаны ліпамі. Прыкладная ягоная плошча — 0,021 квадратнага кілямэтра. Спатрэбіцца з паўгадзіны, каб абыйсьці вакол.

З пісьмовых крыніц вядома, што тут у XV стагодзьдзі быў закладзены праваслаўны манастыр, жылыя будынкі для манахаў і званіца, званы зь якой дагэтуль ня знойдзеныя. Манастыр існаваў за кошт уласнай гаспадаркі і ахвяраваньняў. Так шчодра адарыла сьвятыню жонка Аляксандра Ягелёнчыка княгіня Алена — манастыр стаў уладальнікам возера і шэрагу навакольных паселішчаў.

З 1635 году манастыр перайшоў у валоданьне ордэна базыльянаў. Тут захоўваўся абраз Маці Божай Браслаўскай, да якога ехалі шматлікія паломнікі. Для іх на беразе ў вёсцы Манастыр пры мосьце збудавалі аўстэрыю. Людзей зьбіралася гэтулькі, што набажэнствы на востраве адбываліся ў полі. Верагодна, таму абраз ацалеў падчас пажару ў 1832 годзе — маланка ўдарыла тады ў драўляныя манастырскія пабудовы, і тыя згарэлі дашчэнту.

Абраз перанесьлі ў алтар Браслаўскага касьцёла. І цяпер у горадзе створаны санктуарый. Дзесяць гадоў таму хрысьціянскую каштоўнасьць каранавалі папскімі каронамі. Гэта першы на Віцебшчыне выпадак ускладаньня папскіх карон на цудатворны абраз.

Штогод у жніўні ў Браславе адбываецца вялікае сьвята — ушанаваньне абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, якую лічаць апякункай усёй Браслаўшчыны.

«Мы пачалі раскрываць падмурак аднаго з будынкаў, які ўваходзіў у склад манастыра»

Дасьледаваньні на востраве не праводзіліся больш за 20 гадоў. Цяпер тут закладзеныя тры раскопы ў месцы, дзе, на думку археолягаў, найбольш верагодна мог разьмяшчацца манастыр. Яно найвышэйшае і самае роўнае.

«Мы пачалі раскрываць падмурак аднаго з драўляных будынкаў, якія ўваходзілі ў склад манастыра», — кажа гісторык і археоляг Мікалай Плавінскі. Сёлета ён кіруе тут раскопкамі, а агулам капае на Браслаўшчыне 15 гадоў. Яго профільная тэма — вывучэньне пахавальных помнікаў канца I — пачатку II тысячагодзьдзяў.

Мікалай Плавінскі

«Калі ў далейшым пойдзе гаворка пра магчымую музэефікацыю гэтага аб’екта ці пра яго рэвіталізацыю і турыстычнае выкарыстаньне, трэба мець пэўныя матэрыяльныя сьведчаньні, бо іканаграфіі манастыра не захавалася».

Адначасова з раскопкамі валянтэры здымаюць тапаграфічны плян Манастыра.

«Гэта патрэбна, каб зразумець, якой канфігурацыі быў востраў, — кажа Вікторыя. Яна працуе ў музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах і вучыцца ў магістратуры. Раскопкі на Манастыры — трэція для дзяўчыны за лета. — З улікам рэшткаў пабудоў, якія мы цяпер тут адкрываем, стане зразумела, дзе менавіта стаяў манастыр і на якім рэльефе».

Паводле пляну будзе зробленая 3D-мадэль вострава.

«Востраў ужо варта выкарыстоўваць»

«Востраў Манастыр» — праект цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця «Браслаў». Гэтую некамэрцыйную арганізацыю стварыла рэжысэрка, юрыст паводле адукацыі Алена Шэўчык. Пазалетась яна пераехала зь Менску ў Браслаў.

«Пятнаццаць гадоў я прыяжджала сюды як турыстка, — кажа яна. — Тут шыкоўная гісторыя. І мне заўжды хацелася нешта зрабіць для рэгіёну. Я знайшла браслаўцаў, якім цікавыя такія праекты. Мы пачалі з ініцыятыўнай групы, пасьля зарэгістраваліся афіцыйна».

Алена Шэўчык (зьлева)

Алена хоча, каб на Браслаўшчыне стала больш турыстычных гісторыка-культурных адметнасьцяў. І Манастыр будзе добрым пунктам прыцягненьня.

«У першую чаргу мы можам прывесьці востраў у парадак, аднавіць мост, паставіць інфармацыйныя стэнды, зрабіць макеты будынкаў, якія тут стаялі, пракласьці па востраве сьцежкі, — пераказвае Алена сутнасьць праекту, які, калі ўдасца сабраць сродкі, можа завяршыцца аднаўленьнем манастырскіх пабудоў».

Бываюць дні, калі Сьцяпан курсуе паміж берагамі і востравам цэлы дзень — ахвотных паглядзець на раскоп багата. Амаль кожны дзень з гасьцямі наведвае востраў экскурсавод Юры Жарко, гаспадар сядзібы ў вёсцы Вусьце. Ён прапануе турыстам шэраг водных вандровак па Браслаўскіх азёрах. Цяпер — з заездам на Манастыр.

Самая раньняя знаходка — пенязь Аляксандра Ягелёнчыка

Зямлю з кожнага квадрата на раскопе ўважліва пераглядаюць. Каб не прапусьціць дробных знаходак, яе дадаткова прасейваюць празь сіта. Сярод археолягаў стаяць на сіце — самая чорная праца. Чарней, хіба што, рухаць адвал — сачыць, каб выкапаная зямля ня трапіла назад у раскоп. Так днямі на сіце знайшлі пенязь Аляксандра Ягелёнчыка зь нізкапробнага срэбра.

«У першую чаргу мы ведаем пра манастыр з дакумэнтацыі Аляксандра Ягелёнчыка. Адпаведна — гэта самая раньняя знаходка на востраве», — разглядаючы манэту, кажа Мікалай Плавінскі. Знойдзены на востраве нумізматычны матэрыял адлюстроўвае ці ня ўвесь пэрыяд існаваньня манастыра. Тут знойдзеныя манэты ад 1540-х гадоў да 1820-х.

Раней на востраве і на месцы былой аўстэрыі на беразе знаходзілі солід ВКЛ XVII ст., швэдзкія манэты і расійскія медзякі XVIII–XIX стагодзьдзяў. Верагодна, грошы прывозілі паломнікі.

Большасьць знойдзеных рэчаў археолягі паміж сабой называюць «побытавым сьмецьцем». Гэта ашчэпкі керамікі, асобныя фрагмэнты кафлі ад печы, шкло, цьвікі.

«Чакаць яркіх знаходак цяжка, бо гэта манастыр, і штодзённы побыт людзей у ім быў досыць сьціплы», — кажа Мікалай. На Манастыры ўдалося адкапаць некалькі пярсьцёнкаў і зашпількі ад вопраткі. Рэчаў хрысьціянскага культу пакуль не знаходзілі. Сэнсацыяй падчас сёлетніх раскопак маглі б стаць пахаваньні тутэйшых манахаў. Але знойдзеныя дагэтуль косткі разам з рыбінай луской хутчэй сьведчаць пра рацыён астраўлян.

Пасьля пажару манастыр не адбудоўваўся. У 30-я гады востраў набыў селянін Ізыдар Зямец і апрацоўваў тут зямлю. Людзі кажуць, што ён раптоўна разбагацеў, і да гэтай пары вераць, што ў паўночна-заходняй частцы вострава схаваныя скарбы.

«Сюды раней авечак пасьвіць прывозілі. На лодках. Тады тут такіх зарасьцяў не было», — кажа Галіна. Яна жыве ў Шавурах. Гэта наступная за Рубяжом вёска ў бок Слабодкі. На дзень Галіна пакінула хатнія клопаты, каб паўдзельнічаць у раскопках. — «Пасьля па ягады сталі прыплываць».

Востраў спрэс парос дзікім ажыньнікам. Дзеля раскопак кустоўе давядзецца скасіць.

Праект трымаецца на энтузіязьме

Грошы на дасьледаваньні ахвяруюць добразычліўцы. Частку сродкаў удаецца сабраць праз краўдфандынг. Па меры магчымасьцяў дапамагае браслаўскі касьцёл, які захоўвае сьвятыню з Манастыра.

Кіраўніца цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця «Браслаў» Алена Шэўчык марыць, што некалі на востраве будуць ладзіцца фэсты ў гонар цудатворнага абраза, як і стагодзьдзі таму. Усё, што тычыцца добраўпарадкаваньня вострава, пачынаючы з касьбы, абмяркоўваецца з нацыянальным паркам.

«Па завяршэньні дасьледаваньняў раскопы, у адным зь якіх знайшлі каменны падмурак, будуць засыпаныя, — кажа Мікалай Плавінскі. — Калі зьявіцца генэральнае ўяўленьне пра пэрспэктывы выкарыстаньня вострава, іх можна будзе зноў раскрыць для музэефікацыі».

За два тыдні ўдалося раскапаць невялікі па плошчы кавалак паверхні.

«Тут глеба — гліна і пясок. Марудна ідзе», — кажуць удзельнікі экспэдыцыі. Працу ўскладняе штодзённая лягістыка. Калі дазваляе надвор’е, на востраве працуюць у дзьве зьмены зь перапынкам на абед. Прыгатаваную ў лягеры ежу Сьцяпан прывозіць на лодцы. А шостай пачынаецца пераправа ў адваротны бок. Вячэраюць у лягеры.

Алена не плянуе спыняць дасьледаваньні.

«Не хачу зацягваць да наступнага лета. Яшчэ цэлая восень наперадзе — тут можна ўсё на сьвеце перакапаць», — кажа яна.