9 самых незвычайных бібліятэк сьвету. У тым ліку Менская

​​Унутры Катарскай нацыянальнай бібліятэкі

Бібліятэкі —​ перажытак мінулага? А вось і не. Цяпер яны зноў на хвалі папулярнасьці. Па ўсім сьвеце бібліятэкі ператвараюцца з нудных пыльных сховішчаў у мадэрнізаваныя прасторы з садамі на даху, паркамі, вэрандамі, гульнявымі памяшканьнямі, падлеткавымі цэнтрамі, кінатэатрамі, мастацкімі галерэямі, рэстаранамі і шмат чым іншым.

Многія бібліятэкі наймаюць найлепшых архітэктараў для стварэньня неверагодных дызайнаў. Новыя будынкі ператвараюць гарадзкі ляндшафт, узрываюць сацыяльныя сеткі і прыцягваюць турыстаў з усяго сьвету.

Прапануем вам караценькую прагулку па дзевяці дужа цікавых бібліятэках.

Новая цэнтральная бібліятэка Калгары

Калгары, Канада

Праз Новую цэнтральную бібліятэку Калгары наскрозь праходзіць цягнік. Уявіце сабе бібліятэку ў якой вэстыбюль — гэта арачны мост, пад якім праходзяць лякаматывы. Бібліятэка адкрылася ў лістападзе летась і была пабудаваная на зьмену ўжо існуючага філіялу гарадзкой бібліятэкі.

Бібліятэка ператвараецца з «вясёлай» у «сур'ёзную», калі наведвальнікі падымаюцца па вінтавой лесьвіцы. На ніжніх паверхах — дзьве кавярні, падлеткавы цэнтар, дзіцячая прастора і кінатэатар на 320 месцаў. Найвышэйшы паверх — вялікая чытальная заля, больш традыцыйная бібліятэчная прастора, акружаная драўлянымі дошкамі.

Новая цэнтральная бібліятэка Калгары, Канада

​Хэльсынская цэнтральная бібліятэка Oodi

Хэльсынкі, Фінляндыя

Пабудова гэтай бібліятэкі была прымеркаваная да стагодзьдзя незалежнасьці Фінляндыі ад Расейскай імпэрыі. Завецца яна Oodi па-фінску і Ode па-швэдзку, што ў перакладзе значыць «ода». Фасад бібліятэкі – амаль цалкам яловы. Фінская яліна на фасадзе зьмешаная са стальлю і шклом — усё гэта разам стварае просты, чысты і прыемны сваёй мінімалістычнасьцю выгляд бібліятэкі.

Толькі траціна будынку выкарыстоўваецца для захоўваньня кніг – астатняя частка адведзеная пад грамадзкую прастору, для сустрэч ці крэатыўнай працы. На апошнім паверсе наведвальнікі апынаюцца ў амаль што цалкам драўляным асяродзьдзі і маюць магчымасьць утульна паляжаць на ваўняных дыванах. На другім паверсе ёсьць майстэрня са швейнымі машынамі, сканэрамі і прынтэрамі, лазэрнымі разцамі і паяльнымі станцыямі.

Ёсьць і месца, дзе прадпрымальнікі могуць здымаць у арэнду працоўныя месцы для сустрэч з калегамі ці кліентамі.

Бібліятэка Oodi, Хэльсынкі, Фінляндыя

Музэй літаратуры ў Дубліне

Дублін, Ірляндыя

У цэнтральным парку Дубліну ёсьць тры вялікія будынкі з XVII стагодзьдзя, адзін зь якіх быў пабудаваны вядомым у свой час архітэктарам Рычардам Касэлсам. Раней гэтыя будынкі належалі Дублінскаму ўнівэрсытэцкаму каледжу, дзе вучыліся шмат якія з найбольш вядомых пісьменьнікаў Ірляндыі. Гэтыя будынкі стануць часткаю новага Музэю літаратуры Ірляндыі і будуць упершыню адкрытыя для грамадзкасьці 20 верасьня сёлета.

Наведвальнікі змогуць убачыць колішнюю аўдыторыю для лекцыяў па фізыцы (у якой адбываюцца падзеі аднаго з разьдзелаў раману «Партрэт мастака ў маладосьці» Джэймса Джойса) і першы надрукаваны асобнік «Уліса». Акрамя шматлікіх экспанатаў, прысьвечаных гэтаму вядомаму ірляндзкаму пісьменьніку, у бібліятэкі будзе свая радыёстанцыя, якая будзе весьці трансьляцыю 24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень.

Панарама Дубліну

​Катарская нацыянальная бібліятэка

Доха, Катар

Распрацаваная вядомым нідэрляндзкім архітэктарам Рэмам Кулхасам, Нацыянальная бібліятэка Катару адкрылася ў 2018 годзе. Высокая столь амаль цалкам выкананая са шкла — гэта сымбалізуе тое, якое важнае значэньне сьвятло мае для навучаньня.

Выдзеленая «Бібліятэка спадчыны» складаецца зь 11 пакояў, у якіх захоўваюцца важныя для Катару і ўсяго рэгіёну дакумэнты, выданьні і артэфакты. Гэтая частка бібліятэкі як быццам тоне на 2 мэтры у зямлю, ствараючы візуальнае падабенства з археалягічнымі раскопкамі.

Кожны месяц у бібліятэцы для публікі бясплатна выступае Катарская філярмонія. Гэта толькі адно з 80-90 бясплатных мерапрыемстваў, якія бібліятэка штомесяц праводзіць. Адным з самых папулярных бясплатных заняткаў зьяўляюцца групы па вязаньню. Ёсьць студыі для запісу музыкі, тэлевізійныя студыі зь зялёнымі экранамі, а таксама памяшканьні для дзяцей усіх узростаў.

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Катару

Бібліятэка Біньхай

Цяньцінь, Кітай

Бібліятэка адкрылася ў кастрычніку 2017 году і мае ўсё, чаго можна чакаць ад бібліятэкі: чытальныя залі, памяшканьні для навучаньня, сховішча кніг і вялікі архіў. Але большасьць гасьцей не цікавіцца функцыянальнасьцю бібліятэкі — яны прыяжджаюць з усяго сьвету, каб паглядзець фантастычную архітэктуру. Менавіта з прычыны свайго незвычайнага дызайну бібліятэка стала папулярным месцам для сэлфі і пастоў у Instagram’е.

Прастора плошчай у 35 тысяч квадратных мэтраў афарбаваная ад падлогі да столі ў чысты белы колер. У цэнтры знаходзіцца сфэрычная аглядальная заля з назвай «Вока». Вакол «Вока» можна пабачыць белыя паліцы ад падлогі да столі, якія сабою імітуюць форму хвалі. У памяшканьні таксама ёсьць дзьве пляцоўкі на даху, зь якіх адкрываецца цудоўны від на навакольле.

Бібліятэка Цяньцзіня Біньхай, Кітай

Цэнтральная бібліятэка

Остын, ЗША

Цэнтральная бібліятэка ў Остыне, штат Тэхас, ўражвае ня толькі сваімі памерамі і прасторнасьцю, але і прагрэсіўнасьцю. Бібліятэка вырабляе ўласную сонечную энэргію, якая забясьпечвае 30% энэргетычных патрэбаў будынка. Там ёсьць нават «насенная бібліятэка», дзе карыстальнікі могуць узяць зярняткі і пасадзіць іх дома.

Адна з найбольш уражальных асаблівасьцяў бібліятэкі — гэта «тэхналягічны заапарк», дзе наведвальнікі могуць гуляць з новымі гаджэтамі, якіх у іх пакуль няма (а можа і ня будзе). Яны, прыкладам, могуць маляваць на пляншэтах, стварыць уласную мадэль на 3D-прынтэры альбо запісаць песьню.

Цэнтральная бібліятэка, Остын, Тэхас

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігалюбамі не нараджаюцца, або Куды паставіць новыя паліцы

Бібліятэка Дэйхмана

Осла, Нарвэгія

Адкрыцьцё новага філіялу Бібліятэкі Дэйхмана (гарадзкой бібліятэкі Осла) у квартале Б’ёрвік заплянаванае на вясну 2020 году. Зь бібліятэкі будзе адкрывацца цудоўны від на Осла, фіёрды і зялёныя ўзгоркі сталіцы. У бібліятэкі будуць таксама разьмяшчацца вялікі кінатэатар і гульнявая зона (адзін са спосабаў завабіць падлеткаў). Памяшканьне, у якім захоўваюцца «сакрэтныя рукапісы», ня будзе адчыненае аж да 2114 году — Бібліятэка Дэйхмана бярэ ўдзел у праекце «Бібліятэка Будучыні», задуманым мастачкай Кэйты Патэрсан.

Панарама Осла

Нацыянальная бібліятэка, Клемэнтынум

Прага, Чэхія

Нацыянальная бібліятэка — адна з найбуйнейшых і найстарэйшых эўрапейскіх бібліятэк, якая захоўвае больш за шэсьць мільёнаў дакумэнтаў. Прыгожая барочная заля была пабудавана ў 1722 годзе і ўпрыгожана дзіўнымі фрэскавымі карцінамі. У цэнтры залі барочнай бібліятэкі можна ўбачыць дзівосную калекцыю глобусаў, створаную езуітамі.

Чэская нацыянальная бібліятэка, Клемэнтынум, Прага

Нацыянальная бібліятэка

Менск, Беларусь

І апошняя, але не па важнасьці, Беларуская нацыянальная бібліятэка – 23-павярховы беларускі «алмаз» альбо ромбакубаатктаэдр. Яна была пастаўленая на 11-е месца ў рэйтынгу найпрыгажэйшых бібліятэк паводле вэрсіі амэрыканскага выданьня Flavorwire у 2013 годзе. Новы будынак абсталяваны аўтаматызаванай сыстэмай дастаўкі літаратуры «Тэлеліфт», які складаецца з манарэльсаў і кантэйнэраў грузападымальнасьцю ад 5 да 10 кг. Падсьвятленьне будынка ўяўляе сабой шматколерны экран плошчай 1985 квадратных мэтраў, які ўключаецца штодня з захадам сонца і працуе да поўначы.

Нацыянальная бібліятэка, Менск, Беларусь

Падрыхтавалі Кацярына Яроміч і Ян Поклад