За хабар затрымалі трох кіраўнікоў абласных філій «Беларуснафты»

АЗС сеткі «Беларуснафта»

Падчас перадачы хабару затрыманыя кіраўнікі падразьдзяленьняў «Беларуснафты» ў Віцебскай, Гомельскай і Горадзенскай абласьцях. Пра гэта паведамляе Камітэт дзяржкантролю Беларусі.

Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Менскай вобласьці і Менску затрымалі кіраўнікоў аддзелаў раздробнага гандлю шэрагу рэгіянальных падразьдзяленьняў.

Высьветлена, што службовыя асобы некалькі гадоў сыстэматычна атрымлівалі хабар за перадачу камэрцыйнай фірме магчымасьці прадаваць прадукцыю на аўтазаправачных станцыях і ў прыдарожных кавярнях. Сума ўзнагароджаньня складала ад 400 да 1200 рублёў штомесяц.

Пры атрыманьні чарговага хабару супрацоўнікаў даччыных прадпрыемстваў «Беларуснафты» затрымалі. Распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 430 (атрыманьне хабару).