У новых мабільнікаў нямецкага войска няма выхаду ў інтэрнэт

Ілюстрацыйнае фота

Выкарыстаньне салдатамі такіх гаджэтаў, як разумныя гадзіньнікі або фітнэс-трэкеры, пагражае бясьпецы, упэўненыя ў камандаваньні кібэрвойскамі Нямеччыны, паведамляе DW.

Кіраўніцтва нямецкай арміі лічыць, што выкарыстаньне прыватных мабільных тэлефонаў, фітнэс-бранзалетаў, разумных гадзіньнікаў нясе шмат рызыкі для бясьпецы ваеннаслужачых, прыводзіць агенцтва AFP у суботу, 3 жніўня, словы камандуючага кібэрпадразьдзяленьня бундэсвэра генэрала Людвіга Ляйнхоса.

«Ёсьць рэчы, пра якія спачатку ўвогуле ня думаеш, але якія могуць быць выкарыстаныя для атрыманьня звонку доступу да інфармацыі», — сказаў генэрал Ляйнхос.

У апошні час бундэсвэр набыў 16 тысяч новых мабільных тэлефонаў. Аднак у мэтах бясьпекі яны настроены так, што не маюць выхаду ў інтэрнэт.

Па словах Людвіга Ляйнхоса, кібэратакі на сеткі бундэсвэра адбываюцца штодня. Аднак да гэтага часу яны не нанесьлі якога-небудзь істотнага ўрону.