На аўтамабіль Парашэнкі напалі, калі ён вяртаўся з допыту. ВІДЭА

Пятро Парашэнка сёньня прыяжджаў на допыт у Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Ар’еў паведаміў пра напад на машыну, у якой быў папярэдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Цітушкі толькі што напалі на аўтамабіль Парашэнкі на выхадзе з ДБР, учынілі бойку з аховай і ўцяклі ў бок плошчы Перамогі. За імі пагналіся два дзясяткі паліцыянтаў. Трое-чацьвёра клясычных цітушак-спартоўцаў. Часы рэгіяналаў вяртаюцца з шалёнай хуткасьцю», -напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Як паведаміла Радыё Свабода прэс-сакратар паліцыі Кіева Аксана Блішчык, інцыдэнт зафіксаваны ў адзіным рэестры: на аўто экспрэзыдэнта напалі трое невядомых, калі яно стаяла ў заторы, а пасьля сутыкненьня з аховай нападнікі разьбегліся, і іх затрымаць не ўдалося.

Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка быў сёньня на допыце ў Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў Украіны.

Раней у ДБР выклікалі Парашэнка на допыт на 17 ліпеня. Ён не прыйшоў, спаслаўшыся на занятасьць падчас выбарчай кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка кажа, што справы супраць яго адкрываюць па скаргах ворагаў Украіны