Джонсан сустрэўся з каралевай і афіцыйна ўзначалiў брытанскі ўрад. ФОТА

Барыс Джонсан

Новаабраны лідэр Кансэрватыўнай партыі Барыс Джонсан наведаў Букінгэмскі палац і атрымаў аўдыенцыю ў каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II, паведамляе прэс-служба каралеўскай сям’і.

«Каралева прыняла шаноўнага члена парлямэнту Барыса Джонсана сёньня днём і прапанавала яму сфармаваць новую адміністрацыю. Мр. Джонсан прыняў прапанову Яе Вялікасьці і пацалаваў ёй руку пасьля прызначэньня яго прэмʼер-міністрам і Першым лордам казначэйства», — гаворыцца ў паведамленьні Букінгэмскага палацу.

Такім чынам, Джонсан афіцыйна ўступіў на пасаду прэмʼер-міністра Злучанага каралеўства.

Прэс-служба каралеўскай сямʼі таксама адзначае, што ў гэты ж дзень каралева прыняла папярэдніцу Джонсана на пасадзе лідэра Кансэрватыўнай партыі і прэмʼер-міністра Тэрэзу Мэй і зацьвердзіла яе адстаўку.

23 ліпеня стала вядома, што новым лідэрам Кансэрватыўнай партыі замест Тэрэзы Мэй, а затым — прэмʼер-міністрам Вялікабрытаніі стане Барыс Джонсан.