«Я сьніў, што хаджу па Горадні бяз жоўтых латак». Што пісаў у дзёньніку ў 1943-м вязень гета

Журналіст Руслан Кулевіч у ролі вязьня горадзенскага гета

У Горадні захаваўся нататнік, які вёў вязень гета ў 1943 годзе. Ягоныя імя і прозьвішча невядомыя. Як невядома і тое, уратаваўся ён ці быў адпраўлены ў канцлягер разам з тысячамі іншых горадзенскіх габрэяў.

Ягоныя запісы апавядаюць пра некалькі месяцаў у «маліне» — хованцы, дзе туліліся яшчэ пяць чалавек. У холадзе, з дажджавой вадой для піцьця, у памяшканьні, дзе няма як сесьці.

Запісы вяліся па-польску два месяцы

Дзёньнік выпадкова знайшоў на руінах горадзенскага гета ксёндз Тытус Стшэлевіч. Ён мае памер 10,3×6,5 см, палатняную вокладку. Да яго прымацаваны кароткі чорны аловак. На кніжцы выціснуты надпіс па-расейску: «Записная». Нататкі вяліся па-польску з 12 лютага па 8 красавіка 1943 году.

Нататнік горадзенскага гета выдаў у 2011 годзе ксёндз Юзаф Макарчык

Зь дзёньніка можна зразумець, што аўтару было каля 40 гадоў. Ягоную дачку Тосеньку забілі. Што стала з жонкай Фэляй і сынам Генкам, невядома.

Старонка зь дзёньніка вязьня гета

​У 2011 годзе дзёньнік выдаў ксёндз Юзаф Макарчык на чатырох мовах: беларускай, польскай, ангельскай і расейскай. Арыгінал нататніка перадалі ў Ватыкан. Цяпер горадзенскія габрэі хочуць вярнуць яго ў сынагогу Горадні.

У 2011 годзе рэжысэрка Ганна Суліма зрабіла аўдыёзапіс дзёньніка.

Ганна Суліма і Руслан Кулевіч

Сёлета 23 ліпеня ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця» паказалі пэрформанс паводле нататніка. Галоўную ролю вязьня сыграў горадзенскі журналіст інтэрнэт-парталу Hrodna.Life Руслан Кулевіч, паставіла пэрформанс Ганна Суліма.

«Пакуты страшэнныя»

Прапануем некалькі запісаў з нататніка.

«12-II-43. Дзень нараджэньня Тосенькі».

«13-II-43. Субота. Чыстка — забойства маёй Тосенькі а 10-й раніцы каля бажніцы».

Габрэяў зганяюць у горадзенскае гета, фота перададзена Русланам Кулевічам

«18-II-43. Чацьвер. Неспакойнае сэрца цягне на могілкі. Сярод забітых — 34 мужчыны і 10 жанчын. Мая дачушка Тося — жыла 16 гадоў і 10 гадзін, на сямнаццатым годзе жыцьця».

«19-II-43. Капаю магілу для дзіцяці. Зямля цьвёрдая. Ня маю сіл. Не пахаваў. Што датычыцца жонкі і сыночка — спрэчныя весткі».

«20-II-43. Уцёкі ў хованку».

«Сэрца слабне. Няма ежы»

«22-III-43. Па ваду і бульбу. Сэрца слабне. Няма ежы».

«24-III-43. Прыгожыя сонечныя дні. „Ці сонца засьвеціць на нашым двары“ і для мяне? Пакуль што яно асьвятляе магілу майго дзіцяці — дачкі Тосенькі, усяго майго багацьця, майго жыцьця. Майму таварышу сьнілася, што ўсё ўжо скончылася. Мы свабодныя, „дабрадзеяў“ няма. — Адчуваецца, што ён паволі, а можа і хутка, канае».

«25-III-43. Мне сьніліся Фэля і Генек. Зь імі было так добра і шчасна».

«Пяць тыдняў няголены, нямыты і зарослы»

«26-III-43. Ужо пяць тыдняў я тут няголены, нямыты і зарослы. — Тройчы на дзень чытаю Кадэш за душу Тосенькі».

«27-III-43. Сёньня пайшоў першы дождж. Сёньня мне сьніліся Фэля і Генек. Я так узрушыўся, калі павітаўся зь дзіцем, якое так даўно ня бачыў,... што прачнуўся... Расплакаўся, як малое дзіця. Сэрца баліць, ежы няма. Увесь час баюся, што нас знойдуць».

Вязьні горадзенскага гета, фота перададзена Русланам Кулевічам

«28-III-43. Ня мыўся ўжо 3 тыдні. Ужо некалькі разоў за апошні час у вушах звоніць. Пераконваю сябе і веру ў гэта моцна, што Фэля з Генкам размаўляюць пра мяне».

«31-III-43. У нас зьявілася 2 літры вады, бульбы няма. Ахова зьмяшаная зь мясцовай паліцыяй, крыху слабейшая. Дождж цярусіць удзень і ўначы, зь невялікімі перапынкамі, але шчасьця сабраць вады няма. Надвор’е паскуднае, халоднае; моцны вецер, які высушвае ваду».

«Надвор’е паскуднае, халоднае; моцны вецер, які высушвае ваду»

«1-IV-43. Я знайшоў невялікі мяшэчак, а ў ім каля 3-4 кіляграмаў сухароў з чорнага хлеба. Ужо тры тыдні, як я ня бачыў хлеба ў хованцы на гары. Тут, на гарышчы, зроблены падманны дашак з маленькай адтулінай на ўваход... даўжыня каля 4-5 мэтраў, тут жывуць ... 2 жанчыны, 2 мужчыны, 1 дзяўчынка пяці гадоў і 1 хлопчык сямі гадоў. Мы жывём на гатаванай страве — 2 разы на дзень у колькасьці 2 малых чыгункоў: розных крупаў, гароху, фасолі, сачавіцы, проса, якія ўжо заканчваюцца. Да сухароў ставімся, як да брыльянтаў.

Гарадзенка Раіса Шымбарэвіч, у дзяцінстве заходзіла ў гета да сябра

Я ўпарадкоўваю рэчы і вопратку з мэтай пайсьці ў любы лес, толькі шкада пакідаць жончыну сястру Цылю зь яе дваімі малымі дзеткамі. Што тут рабіць, сам ня ведаю: ці ратаваць жыцьцё сабе самому, ці рызыкнуць і ўзяць іх з сабой. Надта цяжкае змаганьне.

Сёньня сем тыдняў, як я жыву ў згаданай хованцы, дзе ані разу не рааспрануўся. Некалькі разоў пераадзеўся ў чыстую, чужую, вядома, бялізну, але агульны бруд і вошы, якіх я штодзённа душу і якія хутчэй размнажаюцца, мацнейшыя за мяне. У такім становішчы ўсе.

Ці вытрымаем мы тут і як, толькі Бог ведае; можа, Ён зьлітуецца над намі і ўжо ў хуткім часе нас выратуе... Асабіста я прашу Бога аб пасьпяховым заканчэньні вайны ў красавіку да Вялікадня».

«5-IV-43. У гэтым напружаньні нэрваў у мяне шмат прыкрасьцяў, пры такіх выпрабаваньнях можна звар’яцець, а можа, я ўжо звар’яцеў. Сам ня ведаю, часам нешта са мной адбываецца, я ўпадаю ў мэлянхолію, потым у плач, спазмы, тысячы розных думак часам пралятаюць у маёй галаве...

Пасьля дажджу маем чайнік вады».

Габрэяў зганяюць у горадзенскае гета, фота перададзена Русланам Кулевічам

«8-IV-43. Уначы і ўдзень фармальна няма дзе сесьці, нават скурчаным. Пакуты страшэнныя. Холадна, дождж, сьнег, вецер.

Я сьніў сон, які, дай Пане Божа, каб як мага хутчэй спраўдзіўся. Гэта будзе сапраўдны цуд на сьвеце і для нас, няшчасных. Я хадзіў па Горадні, па разбуранай Маставой, бяз жоўтых латак.

Быў прыгожы сонечны дзень. Там гулялі скрозь габрэі і габрэйкі зь дзецьмі, усяго каля 200 чалавек ... усе бяз латак, без дратоў гета, ходзяць весела, усьміхаючыся, шпацыруюць, свабодныя ад катаў, якіх не відаць і няма...

Хай бы Пан Бог даў, каб гэта як мага хутчэй мой сон спраўдзіўся, каб дапамог мне злучыцца з маёй Фэлюняй і Генюсем. Я знайшоў каля 15-20 кіляграмаў ячных крупаў».

«Каб як мага хутчэй мой сон спраўдзіўся»

«Каб гэта не паўтаралася»

Рэжысэрка і акторка Ганна Суліма даўно займаецца тэмай Галякосту, робіць дакумэнтальныя пастаноўкі ў Менску. Ейная прабабуля Антаніна Гарбанюк хадзіла ў гета, насіла габрэям ежу. Да вайны працавала ў габрэйскай сям’і. Расказвала, што стаўленьне ня толькі да людзей, але і да свойскага сабакі было вельмі добрым.

Ганна Суліма

«Сабака быў белы, з бантам на шыі. На сьняданьне яму ставілі кубак какавы, амлет і рагалік. У абед — боршч і кавалак мяса, як чалавеку. Да ўсёй прыслугі было выключна высокае стаўленьне», — расказвае Ганна Суліма.

На ейную думку, аўтар дзёньніка, ад якога не захавалася нават імя, быў вельмі прыгожым.

«Яму хіба каля 40 гадоў. Мне здаецца, што ў яго вельмі сумны твар. І ён вельмі разумны і глыбокі чалавек... Тэкст часам абрывачны, але ў ім столькі падтэксту і глыбіні. Гэтыя запісы — гэта размова з самім сабой, каб не звар’яцець, каб ня ўпасьці ў роспач, каб выжыць», — мяркуе рэжысэрка.

Гледачы падчас пэрформансу ў Горадні

Неўзабаве яна распачне працу над спэктаклем, прысьвечанаму Феліксу Зандману, габрэю з Горадні, які здолеў ацалець і стаць сусьветна вядомым навукоўцам.

Руслан Кулевіч і Ганна Суліма пасьля пэрформансу

«Я гэта раблю, каб гэта не паўтаралася. Тэма Галякосту мяне кранае, і мне ня ўсё роўна. Не магу маўчаць... У сьвеце шмат жорсткасьці, і войны працягваюць ісьці, і гвалт над чалавекам працягваецца. Каб гэта не паўтарылася ня толькі ў дачыненьні да габрэяў, але ўвогуле», — кажа Ганна.