Сама меней 27 чалавек загінулі ў выніку бамбаваньня расейскай авіяцыяй горада Маарат аль-Нуман на поўначы Сырыі 22 ліпеня, паведаміў Сырыйскі цэнтар маніторынгу правоў чалавека. Сырыйская выратавальная арганізацыя «Белыя каскі» паведамляе пра 31 загінулага.
Гаворка ідзе пра ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.
У выніку ўдару быў разбураны мясцовы рынак агародніны і грамадзянскія пабудовы пры ім. Паведамляецца таксама пра як мінімум 45 параненых, частка зь якіх знаходзяцца ў цяжкім стане.
Мінабароны Расеі абвяргае інфармацыю аб дачыненьні Масквы да нанясеньня ўдараў у Маарат-аль-Нумане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў прадстаўніку Асада, што Беларусь хоча аднаўляць СырыюНапярэдадні 23 чалавекі загінулі ў выніку авіяўдару Расеі ў Ідлібе, сьцьвярджаюць сырыйскія праваабаронцы.
Як і большая частка тэрыторыі вакол горада Ідліб на паўночным захадзе Сырыі, горад Маарат аль-Нуман знаходзіцца пад кантролем ісламістаў з кааліцыі «Хайят Тахрыр аш-Шам», якія выступаюць супраць прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Частку тэрыторыі рэгіёну на сумеснай аснове патрулююць узброеныя сілы Турэччыны і Расеі. Нягледзячы на абяцаньні стварыць у рэгіёне зону дээскаляцыі канфлікту і дэмілітарызаваную зону, баявыя дзеяньні там да гэтага часу працягваюцца. Паводле ацэнак сырыйскіх праваабаронцаў, у рэгіёне Ідліб з канца красавіка загінулі ня менш за 650 чалавек.