Пасьля сур’ёзнага збою ў працы электрасеткі ў цэнтры Нью-Ёрку аднаўляецца электразабесьпячэньне. 13 ліпеня без электрычнасьці засталася большая частка Манхэтэну — так званы блэкаўт закрануў больш за 70 тысяч чалавек.
Вядома, што перапыніліся спэктаклі на Брадвэі, перанесены на іншы дзень канцэрт Джэніфэр Лопэс у Madison Square Garden. Мноства людзей аказаліся заблякаваныя ў мэтро і ліфтах, не працавалі сьветлафоры, на вуліцах утварыліся шматкілямэтровыя заторы.
Прычынай здарэньня, па словах губэрнатара штату Нью-Ёрк Эндру Куома, стаў выбух з наступным узгараньнем на адной з падстанцый. Па дадзеных уладаў, інцыдэнт зьвязаны з тэхнічнымі праблемамі, вэрсія тэракту не разглядаецца.