«Паміж беларусамі і палякамі не было сымпатыі». Што захавалася ў даваенным куфры сямʼі з-пад Шчучына

Стары куфар, які захаваўся з «польскіх часоў»

Барбара Шчука ўсё дзяцінства правяла ў Кобраўцах — вёсцы за Астрыной, мястэчкам у Шчучынскім раёне на Горадзеншчыне. У бацькоўскі дом цяпер прыяжджаюць як на лецішча. А пра тое, што было «за польскім часам», нагадвае хіба толькі стары куфар у адрыне.

Першага верасьня 1939 году пачалася Другая ўсясьветная вайна. 17 верасьня савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу і «ўзьядналі» Заходнюю Беларусь з БССР — у складзе СССР. Сёлета спаўняецца 80 гадоў з той падзеі. Адмысловы праект Свабоды «Рэчы з гісторыяй» прысьвечаны прадметам побыту даваеннай Беларусі, якія дажылі да нашых дзён, і гісторыям іхных гаспадароў.

«Каб замуж выходзіць толькі за шляхціца»

Спадарыня Барбара нарадзілася ў 1940 годзе ў сямʼі Антона і Ванды. Усяго дзяцей было пяцёра.

Барбара Шчука

«Бацька — шляхціц. Калі мы зь сёстрамі хадзілі на танцы, толькі каб мы ні з кім не танцавалі. І каб замуж выходзіць толькі за шляхціца. Жахлівы дыктатар быў. Мы хаваліся пад ложак, але ён выцягваў і біў нас бізунамі, а яны ж такія балючыя», — узгадвае Барбара суворага бацьку, які нарадзіўся разам зь першай рускай рэвалюцыяй.

Аднойчы Барбара пасьля танцаў схавалася на гарышчы, але бацька знайшоў яе там і зьбіў бервяном.

Ванда, аднагодка Першай усясьветнай вайны, была супрацьлегласьцю мужу. Яна страціла маці пры нараджэньні. Выхоўваў дзяўчынку дзядзька-ксёндз Стэфан Запасьнік.

«Пакладзістая, спакойная. Акрамя малітоўніка, нічога ў руках не трымала», — успамінае сваю маці Барбара.

Макаўніца — міска, дзе расьціралі мак. Драўляную дзяжу, у якой маці рашчыняла цеста на бліны, называлі «нэцкі»

Жорны, на якіх пераціралі зерне

З вагі прапалі некаторыя часткі з каштоўнага мэталу

Па словах Барбары, ажаніліся бацькі без каханьня. Антон даведаўся, што маладая дзяўчына пераехала адна на хутар, мае поле, дык вырашыў перабрацца да яе. Ванда яго не хацела. Аднак той прыгразіў: «Ня выйдзеш замуж — забʼю».

Абое пражылі звыш 90 гадоў, разам — больш як 60.

«Фактычна гэта нашае было, але ўжо бальшавікоў»

Бацька працаваў на зямлі. Вырошчвалі лён, жыта, грэчку. Рос свой барок. Сямʼя мела вялікую гаспадарку з коньмі, каровамі, авечкамі, сьвіньнямі, былі сячкарні, каб рэзаць салому. Бацька ўмеў рабіць розныя рэчы з дрэва. Маці зь сястрой жалі ў полі.

«А чым маці мусіла яшчэ займацца? У яе было пяцёра дзяцей».

«Габэлька», якой тата габляваў

Татава пілка

Часалка для лёну

Прас для лёну. Матэрыял скручвалі і вадзілі прасам па ім, каб мякчэў

Ейны бацька ганарыўся часам «за палякамі», бо ў яго нешта было. Як прыйшлі бальшавікі, «то ў яго нічога ня стала». Яны забралі ў сямʼі жывёлу, прылады працы, частку зямлі, гаспадарчых пабудоваў.

«Там, дзе захоўваўся корм, канюшына, была маленькая дзірачка. Бацька рана мяне будзіў, калі яшчэ было цёмна, каб я залазіла ў гэтую дзірку і нацягала корму для каровы. Фактычна гэта нашае было, але ўжо бальшавікоў», — расказвае Барбара.

Час за саветамі яна называе жахлівым. Узгадвае, што пры Хрушчову можна было трымаць ужо толькі адну карову. Аднак і тое масла нельга было пакінуць сабе.

«Масла абавязкова трэба было здаваць саветам. Амаль усё. Бацька зрабіў форму на кіляграм масла. Як зробяць, то вёз у Новы двор, дзяржаве. Ня здаць нельга было. Першыя камуністы былі такія жорсткія», — узгадвае жанчына.

Яна запомніла наглядчыка па мянушцы Амшэй, якога ўсе баяліся. Няхай толькі нечая карова возьме з панскага поля жменьку травы — то ўсіх пугай біў.

«Нехта прыхаваў мяшочак лёну. Прыехала цэлая камісія камуністаў, хацелі бацьку пасадзіць. Бацька ўзяў мяне за руку і кажа: „Гэтаму дзіцяці 3-4 гады. Няўжо яна ведала, што робіць?“ Усю віну на мяне ўсклалі. Няўжо яны будуць судзіць малое дзіця?» — расказвае пра хітрыкі Барбара.

«Нельга было нічога ні расказваць, ні бедаваць»

Барбара Шчука кажа, што ў Кобраўцах жыло шмат палякаў.

«Салятынскія, Кучынскія, Чаплінскія... Усе былі земляробамі, а як прыйшлі бальшавікі, сталі калгасьнікамі».

Жанчына ведае, што зь вёскі ў Сыбір вывезьлі аднаго чалавека — Уладака Кучынскага, бо ягоная сямʼя мела сад з 50 яблыняў.

Цяпер Барбара сама вырошчвае на лецішчы цэлы лясок

«Яблыкі былі добрыя, вялікія, смачныя. Ён умеў працаваць, ведаў, як што рабіць. За гэта яго забралі. Кулакі тады былі ворагамі».

Кучынскі прабыў у Сыбіры доўга, страціў здароўе. Вярнуўся, як яго рэабілітавалі. Але хутка памёр.

«Як забіралі, то ўсе баяліся, маўчалі. Час быў такі, што нельга было нічога ні расказваць, ні бедаваць, нічога», — камэнтуе рэакцыю аднавяскоўцаў жанчына.

У клясе сьмяяліся з польскай мовы

У сямʼі Шчукаў размаўлялі па-польску — «тады забароны не было». Бацька, як чуў расейскую гаворку бальшавікоў, то выходзіў зь сябе. Маці любіла час «за палякамі», бо можна было гаварыць па-польску, па-іншаму яна кепска разумела.

Рэшткі воза, на якім у дзяцінстве езьдзіла Бася

Маленькая Барбара хадзіла ў школу ў вёску Нарашы, дзе жылі адны беларусы. Аднойчы яе выклікалі да дошкі палічыць да дзесяці.

«Я стала лічыць: „Raz, dwa, trzy, cztery, pięć“. Бачу, уся кляса зь мяне сьмяецца, што я зусім незразумела размаўляю. А я па-іншаму не магла. Я зразумела, што нацыянальнасьць шмат грае», — з сумам прыгадвае жанчына.

Барбара кажа, што зь яе, польскамоўнай дзяўчынкі, сьмяяліся аднаклясьнікі і часам кпілі настаўнікі. Цярпелі дзеці і за сваю рэлігійнасьць.

«Калі бачылі настаўнікі, што ты нешта сказаў па-польску або з крыжыкам ходзіш, то яны цябе ўжо не любілі. У маёй сястры быў мэдалік на льняной нітачцы. Настаўніца так моцна пацягнула і сарвала, што ў сястры на шыі шрам застаўся. Тады забароненыя былі касьцёлы», — кажа суразмоўніца.

Лямпа, якую запальвалі вечарамі

Як яна ўспамінае, беларусы ў іхняй вёсцы «былі памяркоўныя».

«Палякі ж любілі павыпендрывацца, што яны палякі. Беларусы злаваліся, бо не хацелі, каб тут была Польшча. Любові паміж імі не было, нават сымпатыі», — кажа Барбара.

Часткі ткацкага станка, на якім працавала маці. Тата сварыўся з маці, бо яна «нічога ня ўмее рабіць»

У Нараша́х, яшчэ адной тутэйшай вёсцы, жыла старая пані Мікульская. Як прыйшлі саветы, усе ейныя сваякі зьехалі за мяжу. А яна чамусьці засталася ў сваім маёнтку.

«У яе нічога не было, адзін ложак. Яна была адкінутая ўсімі, яе не любілі, яна была пакінутая на зьнішчэньне. Яна была пісьменная і разумела, што яе лёс вызначаны. Аднойчы маці мне сказала: „Бася, ідзі, трэба пацалаваць у руку гэтую пані“. Бо яна была пані. Такі быў стыль жыцьця ў гэтых паноў. Мы маглі ўзяць кавалак хлеба і прынесьці гэтай пані. Яна казала: „Ах вы мае анёлачкі“», — узгадвае жанчына.

У касьцёл хадзілі ў суседнія вёскі і мястэчкі. Выбіраліся пешкі на фэст у касьцёл у Літве.

Цудоўны абраз Маці Божай, які захаваўся зь дзяцінства з бацькоўскага дому. Рамка адноўленая

«У мяне была задача — зьбіраць кветкі, бо я на працэсіі пасыпала пялёсткі. Тады былі квітнеючыя лугі, пахучыя. Цэлую торбу назьбіраеш у клуначак і ідзеш да касьцёла. Потым не было ксяндза, ці то забілі, ці то пасадзілі. Усё зьнішчылі, спалілі прыгожы касьцёл у Астрыне. Усё было пад забаронай».

Цяпер прылады з куфра не выкарыстоўваюцца. Адно нагадваюць пра тыя часы. Гаспадары думаюць, ці ня выкінуць старыя рэчы, якія ўжо паламаліся.

«З часам давядзецца ўсё выкідаць. А навошта яно нам?» — кажа Барбара.

Раскажыце гісторыю вашых рэчаў!

Калі ў вашай сямʼі ёсьць рэчы з даваеннай Беларусі і вы хочаце расказаць зьвязаную зь імі гісторыю, пішыце на rferl.minsk@gmail.com з тэмай ліста «Рэчы з гісторыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Як выглядала дамавая кніга гарадзенца «за польскім часам»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Гарадзенец сабраў унікальную калекцыю стогадовых артэфактаў сваёй сям'і
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Як абраз перажыў ссылку беларускай сямʼі ў Сыбір пасьля вайны